Адыёзнага дэкана журфака БДУ здымаюць з пасады
На факультэце пануе шок і здранцьвеньне. Праўда, у асноўным сярод адміністрацыйна-выкладчыцкага пэрсаналу. Аб зьняцьці свайго дэкана пераважная бальшыня студэнтаў-журналістаў даведаецца толькі на наступным тыдні, калі распачнецца новы сэмэстар, а зь ім і рэгулярныя заняткі. Менавіта тады, а дакладней 3-га лютага, унівэрсытэцкая грамадзкасьць пачуе й імя новага кіраўніка адзінага ў Беларусі і найстарэйшага ў СНД журналісцкага факультэта, які ў мінулым годзе адзначыў сваё 60-годзьдзе.
“ Свабода” ці “ АБС” ?
Афіцыйнае тлумачэньне звальненьня Вараб’ёва — яго ўласнае рашэньне (і ані слоўца болей), неафіцыйнае — пастанова “ дырэктыўных органаў”. Сам дэкан падзею ніяк не камэнтуе, як маўчаць ягоныя намесьнікі й іншыя супрацоўнікі факультэту, якія, відаць, атрымалі жорсткі загад: “ сакрэтную” інфармацыю за сьцены будыніны не выносіць. Таму ня дзіўна, што ва ўмовах невядомасьці й надзвычайнай сакрэтнасьці на першае месца выходзяць усемагчымыя чуткі і “ навіны” ад вядомай у народзе агенцыі “ АБС” (“ Адна Баба Сказала”). Адна рэч, калі гэтым займаюцца людзі далёкія ад журналісцкай прафэсіі на ўласнай кухні, але зусім іншая, калі крыніцай недакладнай інфармацыі — паважаны СМІ.
Вось фрагмэнт з сюжэту карэспандэнткі Беларускай праграмы “ Радыё Свабода” Галіны Абакунчык (этэр ад 27.01.2005):
“Гавораць супрацоўніцы факультэту Валянціна Кароль і Еўдакія Геркоўская:
(Кароль: ) “ Нехта , відаць, зрабіў паклёп, каб дамагчыся нейкіх сваіх інтарэсаў. Мы вельмі зьдзіўленыя і ўражаныя. Гэта несправядліва, і мы ўсе вельмі шкадуем”.
(Геркоўская: ) “ Мы ўсе ў шоку, бо дэкан вельмі харошы. Проста плакаць хочацца, што такога чалавека звальняюць”.
[...]
У каляжурналісцкім асяродку звальненьне Васіля Вараб’ёва зьвязваюць зь нядаўнім сьвяткаваньнем 60-годзьдзя факультэту, калі на неафіцыйную імпрэзу былі запрошаныя вядомыя ў Беларусі апазыцыйныя грамадзкія дзеячы, а таксама з прыняцьцём у шэрагі студэнтаў актывіста руху ліцэістаў Глеба Лабадзенкі і іншымі абставінамі. Вось як пракамэнтаваў адстаўку дэкана колішні выпускнік факультэту і шматгадовы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін:
(Бураўкін: ) “ Такія людзі, як Вараб’ёў, вучылі быць сумленнымі перад прафэсіяй і перад людзьмі, дзеля якіх працуеш. Мне шкада, бо месца пустым ня будзе, і я баюся, што прыйдуць людзі, падобныя так званым аглядальнікам тэлебачаньня — усялякія пракопавы, шынкары і іншыя. Яны навучаць, як быць халуямі. І я вельмі трывожуся, каб зыход Васіля Вараб’ёва не апынуўся бядою ня толькі для сёньняшніх студэнтаў, але і для заўтрашніх СМІ”.
Галіна Абакунчык усемі магчымі сродкамі, але вельмі аднабока, не імкнучыся зірнуць глыбей, стварае ў сюжэце станоўчы вобраз шчырага і сумленнага дэкана Вараб’ёва, які аніяк не жадаў рабіць з факультэта пакорлівага служку ідэалягічнае машыны, за што і быў зьняты. У пацьверджаньне гэтага, карэспандэнтка прыводзіць словы расчуленых супрацоўніц журфаку (“ Мы ўсе ў шоку, бо дэкан вельмі харошы. Проста плакаць хочацца, што такога чалавека звальняюць ”, і заклапочаныя меркаваньні студэнтаў (“Розныя меркаваньні на гэты конт. Што журфак будуць ператвараць у ідэалягічны факультэт, што дэкан не жадаў у гэтым удзельнічаць”) і нават дзіўнае заступніцтва паважанага Генадзя Бураўкіна.
Шлях да “ Скарыны”
Яшчэ да таго, як стаць дэканам журфаку (якім пасьля кіраваў больш за 10 гадоў), Васіль Вараб’ёў, працуючы ў менскім парткаме па ідэалёгіі, пасьпеў зарэкамэндаваць сябе начальнікам з дыктатарскімі замашкамі. Былы рэдактар адной зь менскіх шматтыражак (ягонае імя ня будзем раскрываць, каб ня выдаць крыніцу інфармацыі), які адпрацаваў у гэтым выданьні чвэрць стагодзьдзя, так ўзгадваў пра сваю сустрэчу напрыканцы 80-х з Вараб’ёвым:
“ Тэлефануе ён у рэдакцыю аднойчы, прадстаўляецца і пачынае ўладарным тонам на “ ты” (хаця і быў на 30 гадоў маладзейшым за мяне) вычытваць: “ Ты што гэта сваё прозьвішча ў выходных дадзеных такім буйным кеглям набіраеш? — Так было да мяне, так ужо й пры мне 15 гадоў пішам. — Ты гэта кінь, я сказаў “ пішы драбней”, значыць пішы драбней!”
Выслухваць ягоныя нахабныя загады я тады ня стаў і кінуў слухаўку. Праходзіць нейкі час, Вараб’ёў прыяжджае на прадпрыемства ў рэдакцыю й зь лямантам зноў накідваецца на мяне: “ Я — начальнік, ты — ніхто. Я сказаў — ты выканаеш!” Тут я ўжо не вытрымаў і жорстка яму адказаў: “ Я падначальваюся толькі парткаму нашага прадпрыемства і завкаму нашага прафсаюза, таму ідзі сабе зь мірам ці я вымушаны буду паклікаць ахову”.
Гэты просты, здаецца, жыцьцёвы прыклад дваццацігадовай даўніны вельмі яскрава характарызуе чалавека. Адзначце, было тое на пачатку кар’ернага ўздыму будучага дэкану. Пасьля прыйшлі Адраджэньне й незалежнасьць. У новых умовах узначаліўшы журфак Вараб’ёў зарэкамэндаваў сябе як руплівец Беларушчыны, ва ўсіх афіцыйных стасунках карыстаўся выключна беларускай мовай, што не магло не выклікаць павагі ў нацыянальна скіраваных дэмакратычных асяродках. Але ўлада хутка зьмянілася, а Вараб’ёў — кіраўнік аднаго з самых ідэалягічных (па вызначэньні) факультэтаў — на сваёй пасадзе застаўся й удала прыстасаваўся да патрабаваньняў новага рэжыму. Бы ў доказ гэтага некалькі гадоў таму В.Вараб’ёў быў узнагароджаны з рук А.Лукашэнкі Ордэнам імя Ф.Скарыны. Свайго “ Скарыну” Вараб’ёў атрымаў нават раней за патрыярха й вэтэрана беларускае журналістыкі, аднаго з заснавальнікаў факультэта Барыса Стральцова, які вядомы тым, што ў застойныя часы адмовіўся пісаць у “ Звяздзе” партыйныя паклёпы на будучых клясыкаў айчыннае літаратуры Быкава і Караткевіча. Яно і зразумела, унёсак Вараб’ёва ў справу выхаваньня “ чэсных” журналістаў непараўнана больш значны.
“ Зь бляскам у вачох”
Пра падзеі мінулай восені, калі пад кіраўніцтвам дэкана Вараб’ёва студэнтаў пад пагрозай незаліку практыкі, адкрыта парушаючы Канстытуцыю, заганялі на выбарчыя ўчасткі датэрмінова, наш сайт падрабязна паведамляў. Тых, хто ў пазначаны тэрмін не прагаласаваў, дэкан выклікаў на асабістую размову ва ўласны кабінэт, тут жа тэлефанаваў па месцах супрацоўніцтва студэнтаў (калі гэта былі дзяржаўныя СМІ) і прасіў спыніць зь імі ўсялякія кантакты. Акрамя таго абяцаў “ праблемаў у навучаньні”, што не было пустымі словамі. Аніводзін з тых, хто не прагаласаваў датэрмінова, высокай адзнакі за практыку не атрымаў.
Пасьля абвешчаньня вынікаў галасаваньня на рэфэрэндуме Вараб’ёў з сур’ёзным выглядам распавядаў на ток-шоў “ Выбар” , як “ студэнты журфака ішлі на датэрміновыя выбары выконваць свой грамадзянскі доўг зь бляскам у вачох ”.
Паведамлялі мы і аб дзіўнай гісторыі зь пераводам на завочнае навучаньне аднаго з найлепшых студэнтаў былога трэцяга курсу Аляксандра Лычаўкі. Маючы сярэдні трохгадовы бал па 10-бальнай сыстэме 8.47(!), ён тым ня меньш ня здолеў здаць нават на здавальняючую “ тройку” “ Паліталёгію журналістыкі” дэкану Вараб’ёву. Адбылося тое пасьля таго, як Лычаўка прадставіў на залік сваю палітычную публікацыю з газэты “ Згода” аб парушэньні канстытуцыйных правоў студэнтаў у часе прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.
Каб усьвядоміць, хто такі Вараб’ёў, ня трэба быць ані паэтай, ані публіцыстым. Таму цяжка зразумець, што мае на ўвазе сп. Бураўкін, адзначаючы: “Такія людзі, як Вараб’ёў, вучылі быць сумленнымі перад прафэсіяй і перад людзьмі, дзеля якіх працуеш” і чым Вараб’ёў адрозьніваецца ад “усялякіх пракопавых, шынкароў і іншыя”, якія “навучаць, як быць халуямі”?
Патлумачце гэта, Генадзь Мікалаевіч, усім тым, хто пацярпеў праз Вараб’ёва!
Вэрсія №1
Найбольш рэальнай вэрсіяй звальненьня Вараб’ёва з пасады дэкана падаецца тая, што зьвязаная з чуткамі аб мажлівым пераводзе журфаку ў падпарадкаваньне Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце з мэтай узмацненьня ідэалягічнага ціску. Але зусім не таму, што “дэкан не жадаў у гэтым удзельнічаць” (як гэта вынікае з паведамленьня “ Радыё Свабода”). Вараб’ёў — адданы прэзыдэнту чалавек, што было прадэманстравана ў часе апошняй выбарчай кампаніі, і адмовіцца ад такой прапановы ён наўрад ці мог. Але зусім іншая рэч, калі аніякай прапановы й не было. Бо ў чым сэнс тады зьмяняць “ дах” факультэту, пакідаючы нязьменным ягонае кіраўніцтва. Выглядае, што Вараб’ёў проста застаўся па-за “ справай” . І цалкам магчыма, што аб зьменах, якія чакаюць факультэт наперадзе, дэкан ведаў даўно. Ці не таму так “ шчыраваў” на выбарах, каб зачапіцца за ўладарны скіпэтар, што імкліва выплываў з-пад рук?