33-я палiклiнiка захавала статус «студэнцкай»
Хваляваннi студэнтаў сталiчных навучальных устаноў наконт магчымай рэарганiзацыi 33-й гарадской палiклiнiкi i, адпаведна, змянення ў сталiцы парадку медыцынскага абслугоўвання студэнцкай моладзi аказалiся дарэмнымi. Як запэўнiў нашу газету старшыня Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Дзмiтрый ПIНЕВIЧ, усе маладыя людзi, якiя навучаюцца ў сталiчных ВНУ i сярэднiх спецыяльных навучальных установах, будуць па-ранейшаму абслугоўвацца ў 33-й гарадской палiклiнiцы.
Паводле слоў Дзмiтрыя Пiневiча, у Камiтэце па ахове здароўя разглядалiся розныя варыянты паляпшэння медыцынскага абслугоўвання навучэнскай моладзi з улiкам пастаяннага росту ў сталiцы студэнцкага кантынгенту. На сённяшнi дзень iх колькасць дасягае ўжо 96 тысяч чалавек, у той час як «магутнасцi» 33-й гарадской палiклiнiкi разлiчаны на абслугоўванне 75 тысяч.
Для таго, каб крыху «разгрузiць» 33-ю гарадскую палiклiнiку, было вырашана прадаставiць студэнтам-мiнчанам магчымасць абслугоўвацца ў палiклiнiках па месцы iх непасрэднага жыхарства. Праўда, праходзiць прафагляды, рабiць прышчэпкi яны ўсё роўна будуць у студэнцкай палiклiнiцы. А вось ад iдэi замацавання жыхароў студэнцкiх iнтэрнатаў за палiклiнiкай, у зону абслугоўвання якой тэрытарыяльна трапляе iх iнтэрнат (аб чым сродкамi масавай iнфармацыi паведамлялася раней), у Камiтэце па ахове здароўя вырашылi адмовiцца. «Пры гэтым мы кiравалiся меркаваннямi i пажаданнямi самiх студэнтаў», — запэўнiў карэспандэнта «Звязды» Дзмiтрый Пiневiч.
//Газэта "Звязда"