Менск з забароненых вышыняў
Маскоўскія студэнты-руфэры гэтым летам залезьлі на самыя высокія дахі Менску і нарабілі шыкоўных фотаздымкаў горада з забароненых вышыняў, прабраліся ў недабудаваныя станцыі мэтро, заночылі ў вежы з гадзіньнікам насупраць КДБ. Фотаздымкі «Запретный Минск» зьявіліся ў Сеціве гэтай ноччу і ўжо пасьпелі нарабіць шуму.
Раней блогі і СМІ ўжо гудзелі ад дзёрзкіх фотаздымкаў 18-гадовага фотаблогера-руфэра з дахаў Санкт-Пецярбурга, Масквы ды іншых расейскіх гарадоў, а таксама Кіева. Гэтым летам Віталь Раскалаў разам зь сябрамі ўпершыню выбраўся ў сталіцу Беларусі. Хлопец піша цяпер, што не разьлічваў, што яго камандзе атрымаецца пабываць у самых закрытых і недасяжных месцах гораду.
«Гэта мой першы і адзіны пост пра Беларусь — краіну, якая захрасла ў часах СССР, яе паранаідальную «бясьпеку» і аб тым, як яе сабатаваць», — піша па выніках вандроўкі ў Менск Віталь.
Адзіны пост пра Беларусь у сваім блогу руфэр пазначыў тэгам «у Лукашэнкі вусы пабялеюць». Сапраўды, фотаздымкі выкладзеныя ў пасьце ўражваюць сваёй дзёрзкасьцю. Хлопец зь сябрамі забраўся ці не на ўсе самыя высокія кропкі Менску, пралез у недабудаваныя станцыі мэтро. А празь іх і ў танэлі, па якіх штодзень езьдзяць менчукі.
Усе фотаздымкі зь Менску, а таксама фантастычныя краявіды іншых гарадоў — у блогу raskalov-vit.livejournal.com
Калі хлопцы спускаліся па пажарнай лесьвіцы зь вежы побач з Міністэрствам абароны, іх заўважыў вайсковец:
«Дачакаўшыся пакуль мы спусьцімся, пачаў клікаць да сябе. Самае пацешнае ў гэтай сытуацыі, што ён стаяў на месцы і сапраўды чакаў, пакуль мы падыйдзем. У Мінску не прынята зьбягаць ад вайскоўцаў, міліцыі і г.д.? Напэўна ён быў шакаваны, што парушальнікі ад яго ўцяклі».