У Беларусі растуць антырасейскія настроі

Беларусам найменш сярод усіх грамадзян краін СНД падабаецца лідэрства Расеі ў міжнародных справах. Паводле дадзеных сацыялягічнага дасьледаваньня Gallup, сярод былых краін Савецкага Саюзу ідэя лідэрства Расеі ў рэгіёне менш падабаецца толькі грузінам і літоўцам.


«Ці ўхваляеце вы расейскае лідэрства ў былым Савецкім Саюзе?», - пытаюць сацыёлягі Gallup

На пытаньне адной з найбольш аўтарытэтных сацыялягічных агенцый у сьвеце Gallup «Ці ўхваляеце вы расейскае лідэрства ў былым Савецкім Саюзе?», толькі два зь пяці беларусаў адказваюць «так». А 28% беларускіх грамадзян гэта ідэя зусім не падабаецца.

У параўнаньні зь іншымі краінамі СНД, Беларусь займае першае месца па ўзроўні незадаволенасьці вялікай рольлю Расеі ў міжнародных дачыненьнях. Найменш з былых краін савецкай прасторы расейскае лідэрства падабаецца толькі літоўцам і грузінам. Апошнія, гледзячы па выніках сусьветнага апытаньня, любяць расейскую зьнешнюю палітыку найменш у сьвеце.


Расейскія войскі ў час падрыхтоўкі да параду 3 ліпеня 2011 году ў Менску

А найбольш расейскае лідэрства падабаецца ў Таджыкістане, Кыргістане і Малі. Англічанам, славакам і ірляндцам гэтак сама не падабаецца лідэрства расейцаў, як і беларусам. Яшчэ болей не ўхваляюць гэткае лідэрства французы, немцы і швэды. А ўкраінцам, насуперак даўнім стэрэатыпам, збольшага існая залежнасьць ад Расеі падабаецца.

«Расея застаецца ўцягнутай ў справы сваіх былых рэспублік, што дапамагае, ці перашкаджае, яе лідэрскай рэпутацыі, — адзначаюць сацыёлягі. — Намаганьне прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева па вырашэньні Нагорна-Карабахскага канфлікту, напрыклад, могуць патлумачыць армянскі ўхвальны рэйтынг у 75%. Але ж расейскае лідэрства таксама вельмі не падабаецца грузінам (76%), што дэманструе сумны стан адносінаў паміж гэтымі краінамі нават празь некалькі гадоў пасьля сканчэньня вайны».

Сацыёлягі Gallup робяць выснову аб тым, што аб глябальным лідэрстве Расеі ў сьвеце асабліва ніхто не здагадваецца, калі не ўлічваць яе суседзяў і былыя калёніі. Зрэшты, далейшая магчымасьць уплываць на справы нават у суседніх краінах будзе залежыць ад яе здольнасьці выкарыстоўваць палічны і эканамічны ўплыў.

У дасьледаваньні Gallup удзельнічалі каля 1 000 чалавек, старэйшых за 15 гадоў са 106.

Дарэчы, паводле шматгадовых дасьледаваньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, жаданьне беларусаў яднацца з усходняй суседкай стабільна падае. Паводле апошняга чэрвеньскага апытаньня, толькі кожны трэці беларус згадзіўся б на саюз з Расеяй. Пры гэтым толькі кожны пяты малады беларус да 30 гадоў даў бы згоду на далучэньне да гэтай краіны (і 67% зь іх хацелі б бачыць сваю краіну ў Эўрапейскім Зьвязе).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.