На выставу матылёў за посьпехам

У Менску праходзіць унікальная выстава матылькоў, пабачыўшы аднаго зь якіх чалавека напаткае шчасьце й посьпех.

Каля двухсот матылькоў і экзатычных вусякоў з усіх куткоў сьвету можна пабачыць на адмысловай выставе, што працягвае працу ў музэі гісторыі горада Менска (вул. Рэвалюцыйная, 10). Ва ўнікальнай калекцыі сабраныя самыя выкшталцоныя і знакамітыя «легкакрылыя прыгажуні» з трапічных лясоў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акеаніі.

Сярод экспанатаў выставы найбольшае захапленьне ў наведвальнікаў выклікаюць шыкоўныя Морфа, крылцы якіх зьзяюць пэрлямутравым бляскам. З кожным прадстаўніком гэтага роду дзённых матылькоў зьвязаная або цікавая гісторыя адкрыцьця, або павер’е, або народныя забабоны. Прыкладам, большасьць індзейскіх плямёнаў Паўднёвай Амэрыкі лічаць вялікага сіняга Морфа Дыдыўс татэмам, які прыносіць шчасьце й посьпех. Людзі вераць, што дастаткова проста пабачыць у трапічным лесе шыкоўныя блакітныя крылцы — і посьпех будзе з табой увесь дзень.

Вядомы рэальны выпадак, калі цяжкахворы хлопчык адужаў падчас пасьпяховых пошукаў матылька ў джунглях. Па матывах гэтай гісторыі ў 2004 годзе Галівудам быў зьняты фільм «The Blue Butterfly». Самы вытанчаны матылёк Морфа закаханых атрымаў сваю назву дзякуючы цікавай гісторыі яго адкрыцьця ў перадгор’ях пэруанскіх Андаў. Справа ў тым, што ўпершыню ён быў злоўлены парай маладых людзей, што сустракалі разам сьвітаньне менавіта ў той час, калі пад покрывам дажджлівага трапічнага лесу на колькі гадзін да дзённай сьпёкі зьяўляюцца матылькі.

У перакладзе з моваў тубыльцаў лускакрылыя маюць прыгожыя вобразныя найменьні, як то «кавалачак неба, які зваліўся на зямлю», «захад / усход трапічнага лесу», «матылёк шчасьця», «райскі матылёк», а таксама «матылёк розуму й дальнабачнасьці», названы так у гонар Уліса (Адысэя). Дарэчы, большасьць матылёў маюць назвы-імёны антычных герояў, такіх як Гекуба, Пелей, Прыям, Алена, Адоніс, Афрадыта і інш. Аднак з шэрагу гэтак зграбных і вытанчаных «кветак» выбіваецца бражнік «Мёртвая галава» — матылёк, які мае адпаведны малюнак чэрапу на грудным аддзеле цела. Бражнік падчас палёту выдае нізкае гудзеньне.

Некаторыя матылькі сапраўдныя фруктовыя гурманы, якія любяць паласавацца перасьпелымі бананамі або сокам ананасаў. Іншыя ж аддаюць перавагу мёртвым жывёлам або нектару атрутных расьлін.

Сярод экспанатаў выставы прадстаўленыя вусякі, занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса: найбуйнейшы матылёк — Паўлінавочка Атлас, вусяк — палачнік Фасма Гігант, конік, а таксама самы магутны жук у сьвеце — жук-алень.

Акрамя матылькоў і згаданых рэкардсмэнаў, у музэі можна таксама пабачыць незвычайных вусякоў — павука-птушкаеда, гіганцкага скарпіёна, цыкаду-ліхтарніцу і саранчу.

Выстава-калекцыя «Пырхаючыя кветкі» працягне дзейнічаць да 3 жніўня. Час працы: з 11-й да 19-й гадзіны (каса да 18:30). Выходныя — панядзелак, аўторак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3116 seconds.