Студэнцкая салідарнасьць у барацьбе за дэмакратыю

На восьмай Эўрапейскай Студэнцкай Канвэнцыі, што адбывалася ў Галяндыі з 3 па 7 сьнежня і дзе адна з працоўных групаў называлася “Студэнты як актыўныя грамадзяне”, Украінская Асацыяцыя Студэнцкага Самакіраваньня (УАСС), асацыятыўны сябра ESIB, зьвярнулася да эўрапейскіх студэнтаў з просьбай накіраваць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары, што былі прызначаныя на 26 сьнежня, бо застаецца вялікая пагроза фальсыфікацыяў. Справа ў тым, што ўкраінскія НДА не маюць права рэгістраваць сваіх назіральнікаў на выбары, таму студэнцкая арганізацыя таксама папрасіла ESIB зарэгістравацца ў якасьці назіральніцкай місіі, каб УАСС мела магчымасьць назіраць за выбарамі ў сваёй краіне.

Нягледзячы на тое, што назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі цяжка падвесьці пад афіцыйныя мэты гэтай эўрапейскай структуры, Рада ESIB прыняла рашэньне даць згоду ўкраінскім студэнтам.

На дадзены момант ESIB і УАСС займаюцца падрыхтоўкай неабходных дакумантаў для рэгістрацыі назіральнікаў, а іншыя эўрапейскія студэнцкія зьвязы таксама рыхтуюць групы актывістаў, хто гатовы замяніць цёплыя і мяккія калядныя вакацыі ў каміна на барацьбу за дэмакратыю на халодных выбарчых участках Украіны.  

ESIB – эўрапейская парасонікавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае 50 студэнцкіх арганізацыяў з 37 краінаў. Беларускія студэнты ў ESIB прадстаўлены Задзіночаньнем Беларускіх Студэнтаў (Belarusian Students’ Association - BSA).

Міжнародная камісія ЗБС
Mara 00:00, 15/12/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2492 seconds.