Адбылася 8-ая Эўрапейская Студэнцкая Канвенцыя
3-7 снежня 2004 года ў галяндзкім горадзе Ніймэген адбылася восьмая ўжо па ліку Эўрапейская Студэнцкая Канвэнцыя, якая кожныя паўгады праводзіцца эўрапейскім студэнцкім аб’яднаньнем ESIB – Нацыянальныя Студэнцкія Зьвязы ў Эўропе (ESIB – National Unions of Students in Europe) у краіне, якая ў гэты час старшынствуе ў Эўразьвязе.
У гэты раз за канвэнцыю адказвалі дзьве галяндзкія студэнцкія арганізацыі LSVb і ISO, якія прадстаўляюць краіну ў ESIB. Канвэнцыя прайшла пад гучным назовам “Будуючы дэмакратычны універсытэт” (“Building a Democartic University”).На канвэнцыі абмяркоўваліся пытаньні, якія ўжо даўна моцна ўвайшлі ў парадак дня эўрапейкіх студэнцкіх прадстаўнікоў: унівэрсытэцкая аўтаномія, студэнцкае прадстаўніцтва, ацэнка якасьці ў адукацыі, фінансаваньне вышэйшай адукацыі, студэнцкае прадстаўніцтва. Аднак гэтая канвэнцыя ўпершыню аб’яднала ўсе вышэй пералічаныя тэмы пад адной шыльдай і прымусіла ўдзельнікаў асэнсаваць іх праз панятак дэмакратыі.
Канвэнцыя на такую тэму стала асабліва актуальнай з-за падзеяў, якія адбываюцца ў некаторых з краінаў-удзельніц. Другі вечар быў аддадзены прэзэнтацыям украінскай і беларускай дэлегацыяў. У выступах студэнткі (бо і Украіну, і Беларусь прадстаўлялі дзяўчаты) апісвалі палітычныя падзеі, якія адбываліся ў іх краінах у апошні час, а таксама тое, як гэта паўплывала на студэнтаў і студэнцкі рух. Трэба адзначыць, што гэтыя прамовы выклікалі хвалі падтрымкі і размоваў, якія прывялі да новых праектаў і карысных кантактаў.
ESIB – эўрапейская парасонікавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае 50 студэнцкіх арганізацыяў з 37 краінаў. Беларускія студэнты ў ESIB прадстаўлены Задзіночаньнем Беларускіх Студэнтаў (Belarusian Students’ Association - BSA). На канвенцыі ЗБС прадстаўлялі сябры міжнароднай камісіі Тацьцяна Хома і Воля Вітушка.
“Канвэнцыя была няпростая, бо з-за тэмы (унівэрсытэты і дэмакратыя) ўсім было цікава даведацца, як гэта бывае, калі гэтыя паняткі ніяк не звязаны. Таму нам прыходзілася шмат распавядаць пра Беларусь. Удзельнікі нават прыйшлі да думкі, што каб канчаткова ўсьвядоміць, што такое сапраўдная дэмакратыя, трэба на некалькі дзён усталяваць дыктатуру”, - распавядае Тацьцяна Хома, старшыня Міжнароднай камісіі ЗБС.
“Мы даведаліся шмат новага пра эўрапейскія адукацыяныя кірункі, усталявалі шмат новых кантактаў і будзем усё гэта выкарытоўваць у бягучых і будучых праектах”, - дадае Воля Вітушка, сябра Міжнароднай камісіі, удзельніца канвэнцыі.
Каментары праз FACEBOOK