Адчыніўся новы сайт praunik.org
Днямі распачаў працу сайт praunik.org, на якім разьмешчаны новы юрыдычны часопіс "Праўнік". Ён створаны у коле студэнтаў-юрыстаў БДУ, што імкнуцца такім чынам кампэнсаваць адсутнасьць у краіне якаснай прававой інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове.
"На сёньняшні дзень у Беларусі склалася дзіўная сытуацыя, калі прававая літаратура, юрыдычная аналітыка й навіны права краіны падаюцца амаль спрэс па-расейску, — тлумачаць вытокі сваёй ініцыятывы стваральнікі "Праўніка". — Ніводнае аддзяленьне права краіны не дазваляе беларусам атрымліваць юрыдычную адукацыю на роднай мове. Працэс распрацоўкі ўласнае юрыдычнае тэрміналёгіі замаруджаны. Да таго ж, афіцыйныя выданьні часта папросту калькуюць прававыя тэрміны з расейскае мовы й практычна ніколі не адыходзяць ад сумнеўных лексычных штампаў. Такое становішча не можа лічыцца нармальным".
Генэрацыя праўнікаў, заангажаваных у працу над гэтым часопісам, мысьліць сябе нашчадкамі й прадаўжальнікамі "ліцьвінска-беларускае" прававое традыцыі, што ўзбагаціла чалавецтва Статутамі Вялікага княства Літоўскага і імёнамі Льва Сапегі, Паўла Астравіцкага, Марціна Валадковіча.
За мэту праекту ягоныя стваральнікі лічаць аб’яднаньне беларускамоўных студэнтаў і тэарэтыкаў права, а таксама практыкуючых юрыстаў на глебе нацыянальнай школы права. Да таго ж яны плянуюць працягнуць традыцыю беларускамоўнае юрыдычнае аналітыкі, асабліва ў тых галінах, дзе выкарыстаньне роднае мовы да гэтага часу было фрагмэнтарным.
Праект закліканы стварыць трыбуну для маладых адмыслоўцаў з права й паліталёгіі, не абцяжараных абэрацыямі каляніяльнага мысьленьня; стварыць прэцыдэнт рэгулярна аднаўляемых навінаў й аналітычных артыкулаў з права на беларускай мове. Мяркуецца, што праз актыўнае абмеркаваньне на форуме ды арыгінальны аўтарскі інтэрнэт-слоўнік паступова будзе распрацоўвацца і папулярызоўвацца сучасная беларуская юрыдычная тэрміналёгія.
На першым этапе працы плянуецца насычаць разьдзелы сайту новымі тэкстамі, з наступным пераходам на паўнавартаснае друкаванае выданьне. Плянуецца таксама выпусьціць зборнік лепшых аналітычных артыкулаў па матэрыялах часопіса.
Заходзьце на http://www.praunik.org !