Iмпрэза ў Воршы
У суботу, 27 лістапада, віцебскія студэнты, “узброіўшыся” гітарамі, зборнікамі вершаў і “ўласнамазгавымі” набыткамі, рушыла ў раённы цэнтар.
Час мінуў хутка, і вось мы ўжо ў Воршы вітаемся зь сябрамі зь Менску.
“Навобмацак” дабраліся да музэю. З гонарам адзначу: дастаткова хутка. І адразу выправіліся на экскурсію па караткевічскіх мясьцінах. Наведалі помнік, зь якога нейкія вандалы колькі часу таму “зкамунізьдзілі” дошку зь вершам. Каляровы метал... Пагулялі па засьнежаных берагох Дняпра, пабачылі школу, дзе калісь вучыўся будучы пісьменьнік, пасьляваенную хату сям’і Караткевічаў, у якой зараз жыве родная пляменьніца Ўладзіміра Сямёнавіча.
Потым падмерзлая, але зусім не засумаваўшая кампанія вярнулася ў будынак музэю. Двух хлапцоў пры гэтым заслалі ў краму па торт. Хлопцы выявілі сябе сапраўднымі знаўцамі чалавечай фізіялёгіі і псыхалёгіі (нягледзячы на тое, што самі яны навучаюцца ў ветэрынарнай акадэміі), бо прынесьлі два тарты. Астатнія тым часам слухалі расповед экскурсавода.
Пасьля таго, як ЗБСаўцы скончылі досьлед экспазіцыі, у музэі распачаўся канцэрт-імправізацыя, “падрыхтаваны экспромт”. Наш незаменны вядучы Алесь вычытваў урыўкі з кнігі Адама Мальдзіса; дэклямаваліся вершы, выконваліся сьпевы на словы Караткевіча. Супрацоўніцы музэю расчуліліся і непасрэдна ўключыліся ў “праграму”. Хлопец Сяржук, выпадкова перахоплены па дарозе дадому (вучыцца ў Віцебску, жыве ў Воршы), пад заклікі адміністрацыі музэю “адстаяў гонар” роднага гораду, прачытаўшы ўласны верш.
Узрушаныя цётачкі-супрацоўніцы потым пачаставалі нас гарбатай, печывам і цукеркамі і адмовіліся ўзяць грошы за экскурсію. Выручаныя такім чынам сродкі мы пакінулі ў скрыні “Ахвяраваньні для фонду музэю”, а таксама сьпісалі не адну старонку ў “Кнізе водгукаў”...
Ці трэба апісваць шлях дадому? Ня думаю, што варта. Што падскажа вам вашая фантазія – то й будзе праўдай. :)))