Былога супрацоўніка Краснаярскага Ўнівэрсытэту засудзілі на 14 год
53-гадовага навукоўцу абвінавачваюць у продажы дзяржаўных сакрэтаў кітайскім калегам. У 1999 годзе ён ад імя Краснаярскага Дзяржаўнага Тэхнічнага Ўнівэрсытэту падпісаў картракт з дзяржаўнай Агульнакітайскай імпартова-экспартовай кампаніяй дакладнага машынабудаваньня і Ланьджоўскім інстытутам фізыкі на выраб стэнду для мадэляваньня узьдзеяньня касьмічнага выпраменьваньня на штучныя спадарожнікі Зямлі, а таксама на распрацоўку праграмнага забесьпячэньня гэтага стэнду.
У 2001 годзе рэгіянальная ўправа ФСБ абвінаваціла Данілава ў тым, што ў межах гэтага праекту ён перадаў кітайцам дадзеныя, што зьяўляюцца дзяржаўнай таямніцаю. Пасьля гэтага кіраўніцтва КдзТУ прадставіла Данілаву абвінавачаньне ў крадзяжы ім 466 тыс. рас. руб., якія ён атрымаў у працэсе выкананьня кантракту.Дасьледваньне працягвалася каля трох год і адзін раз справу ўжо выпраўлялі на дапрацоўку. Другі ж працэс скончыўся 5 лістапада, калі Данілаў быў прызнаны вінаватым.
Цяпер абарона навукоўцы зьбіраецца абскардзіць рашэньне Краснаярскага суду спачатку ў Вярхоўным судзе, а затым, магчыма, і ў Эўрапейскім судзе па правох чалавека. Апроч таго праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ў вынясеньні выроку навукоўцу былі задзейнічаныя спэцслужбоўцы.
паводле gazeta.ru