Street Awards 2010: у Рэактары абяруць лепшых беларускіх дзеячоў гіп-гопу

4 лютага ў менскім клубе Рэактар адбудзецца штогадовая цырымонія узнагароды лепшых дзеячаў беларускай гіп-гоп культуры Street Awards. Гэта знакавая падзея для усіх, хто жыве і дыхае гэтай вулічнай культурай: менавіта ў гэты дзень вырашыцца, хто больш за іншых зрабіў ў 2010 годзе і стаў лепшым у краіне рэпэрам, фрыстайлерам, ды-джэем, райтэрам альбо брэйкдансэрам.

Street Awards выпадае раз на год і і сёлета абяцае надзвычайную відовішчнасьць. Раздача узнагарод у кожнай намінацыі чаргуецца з выступамі рэпэраў і вулічных танцораў, а выбар лепшага фрыстайлера і ды-джэя адбываецца проста на цырымоніі праз непаўторныя батлы. У фае клюба цягам усяго вечару намінанты на узнагароду «лепшы райтэр» ствараюць свае лёсавырашальныя шэдэўры. На Street Awards вы можаце назіраць за тым як ствараюцца графіці. А ў гэтым годзе да шэрагу намінацый дадалася зусім новая — «лепшы скейтэр».

Беларускамоўныя рэпэры ў 2010 годзе таксама ня спалі, а таму і адзначыліся адразу ў некалькіх намінацыях: «артыст года», «дэбют года», «лепшае афармленьне праекту (афішы для вечарыны/канцэрту)».

Дэбютантамі году сталі PANANIEBA. Хлопцы чытаюць рэп далёка ня першы год, але менавіта ў 2010 годзе выйшаў іх першы студыйны альбом «На Балоце». Намінаваньне гурту на гэту узнагароду пракамэнтаваў былы удзельнік гурту Чырвоным-Па-Белым рэпэр Zeman, які прымаў актыўны удзел у запісы дэбютнага альбома хлапцоў.

— У хлапцоў канешне ёсьць шанец перамагчы. Шанец ёсьць ва усіх і заўсёды, але PANANIEBA са сваім альбомам «На Балоце» безумоўна штосьці заслужылі. Вось толькі шкада, што нашы рэпэры і крытыкі успрымаюць усё беларускае, як нейкі «калгас», бо ім звыкла раўняцца да неграў з Брукліну. Хаця на мой погляд, у PANANIEBA даволі такі «чорнае» гучаньне. Мне самому вельмі спадабалася зь імі працаваць - ведаюць, што робяць, мабыць толькі SP Kava патрэбна быць менш сур'ёзным. Але ж усё роўна вынік залежыць толькі ад судзьдзяў, а хто там у гэтым годзе я нават і ня ведаю.

Дарэчы, сам Zeman таксама захапіў некалькі намінацый. Праўда зараз рэпэр чытае пераважна на рускай мове, але, як ён сам прызнаўся, забываць родную не зьбіраецца - будуць новыя працы, а ў пляна нават беларускамоўны альбом.

Vinsent

Другой значнай намінацыяй стала «артыст году». Найбольшы шанец на перамогу тут мае любімец слухачоў Vinsent. За мiнулы год ён праявiў проста гiперактыўнасьць. Яго клiп «Восеньскi Вальс», з якiм ён перамог у адпаведнай намiнацыi на Street Awards 2009, парваў усе магчымыя чарты. Рэпэр прымаў удзел у 6 буйных канцэртах, у лiку якiх дабрачынны «Добры Фэст» i два оўпэн-эйры: у Польшчы ды Украiне. Апроч гэтага Vinsеnt адзначыўся ў дзесятках сэтаў на зборных клюбных канцэртах i прыватных iмпрэзах. Дзiва, як ён знаходзiў час для запiсу новых трэкаў — але ў 2010 годзе падараваў беларусам ажно 3 сiнглы.

Паспрыяць перамозе нашых хлопцаў можна прагаласаваўшы за іх на сайце http://streetawards.by/rap/

Набыць квіткі на цырымонію можна ў краме гіп-гоп адзеньня FREESTYLE, што месьціцца ў гандлёвым цэнтры «Зеркало».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0498 seconds.