«Калі б кніжка была га*но, то я б яе не піярыў»

Артур Клінаў Шалом

«Дзень сёньня гістарычны — мы пачынаем новую эру беларускай літаратуры. Паспрабуем вывесьці літаратурныя тэхналёгіі ў новае вымярэньне і паспрабуем даказаць, што беларуская літаратура можа быць прыбытковай. Калі б кніжка была га*но, то я б яе не піярыў», — вітаў на ўрачыстым старце продажу свайго раману «Шалом» Артур Клінаў. Сёньня кніга паступіла ў продаж. Ды ня проста так. Піяр ваеннага раману пра «мастака-лузэра» стане адмысловым поп-артам: «Гэта будзе круцей за Дажынкі!»

Артур Клінаў Шалом

Цяпер, як вызначыў Валянцін Акудовіч, «разам з гэтым раманам у нас стала на аднаго празаіка болей». А мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка так ахарактарызаваў кнігу на прэзэнтацыі:

«Чытво для эстэтаў, адукацыйны праект. Аўтар аднаўляе саматоеснасьць культуры — у розны сфэрах: робіць часопіс, здымае кіно, робіць выставы і піша прыемную літаратуру».

Артур Клінаў Шалом
Артур Клінаў

Галоўны герой раману «Шалом» — мастак, які ўзбунтаваўся супраць усіх і апрануў на галаву кайзэраўскі шалом.

«Кожны піша пра тое, што яму блізка. І мне, як мастаку ў былым жыцьці, пісаць пра мастака бліжэй. Ён мастак-лузэр, чалавек-няўдачнік. Ведаеце, у гэтай краіне кожная творчая асоба ў прынцыпе знаходзіцца ў такім стане лузэрства. Наш герой вырашыў узбунтавацца супраць усяго сьвету. Ягоны бунт быў вельмі канцэптуальным. Чаму ваенны раман? Бо гэта ягоная асабістая вайна супраць усіх», — распавёў на прэзэнтацыі Клінаў.

Дарэчы, слова «шалом» у перакладзе — гэта «мір». Таму, як заўважыў аўтар, атрымліваецца такая гульня словаў — «Мір. Ваенны раман». Такім чынам, беларуская літаратура сваю «Вайну і мір» ужо выдала.

Адна справа — напісаць кнігу, іншая — яе прадаць. Каб зрабіць раман яшчэ й камэрцыйна выгодным, аўтар задумаў адмысловую рэклямную кампанію — «поп-арт інфармацыі». У Сеціве зьявіўся рэсурс salom.by са сьлёганам «Шалом у кожны дом!»

«Там будуць друкавацца навіны спорту, палітыкі, сьвецкага жыцьця, мастацтва з усяго сьвету. Хіба што гэта будзе не пародыя, а поп-арт».

Ды й старт эксклюзіўнага продажу апынуўся сапраўдным артам. Артур Клінаў прымяраў шалом ды дзяліўся сымбалічным уборам са сваімі гасьцямі. Першы пакупнік зьнёс ня толькі кнігу з аўтографам, а яшчэ й пляшку каньяку. Наступным пакупнікам дасталіся іншыя моцныя напоі, плаўлены сырок, «акуляры Акудовіча» ды пацалункі ад аўтара.

Артур Клінаў Шалом
Артур Клінаў і Максім Жбанкоў

Культуроляг Максім Жбанкоў адхапіў нават падвойны пацалунак. «Гэта было аШАЛОМляльна!» — распавядаў уражаным дзяўчатам у чарзе за кнігамі Жбанкоў пасьля такога пацалункавага экспірыенсу.

«Раман Артура Клінава „Шалом“ — ня проста чарговы літаратурны бэстсэлер. Гэта кніга, якая прымусіць вас па-іншаму зірнуць на наш сьвет. Прачытаўшы яе, вы нарэшце даведаецеся, ці існуе сэнс жыцьця, спасьцігнеце таямніцу праклёну славян, навучыцеся зарабляць дваццаць тысяч эўра ў месяц, зразумееце, як трэба паводзіць сябе ў выцьвярэзьніку й што рабіць, калі да вас дахаты адно за адным прыходзяць пажарнік, участковы міліцыянт, цешча, поп і грамадзянін у шэрым паліто…» — адзначаецца ў прадмове да раману.

Першы месяц кніга будзе прадавацца толькі ў кнігарні «логвінаЎ»: з падарункамі і па эксклюзіўным кошце. Пасьля раман паступіць і ў іншыя кропкі распаўсюду.

Шалом!

Аляксей Хадыка
Мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка

Марыя Мартысевіч
Рэдактарка раману, пісьменьніца Марыя Мартысевіч

Павал Касьцюкевіч
Арт-дырэктар кнігарні, пісьменьнік і перакладчык Павал Касьцюкевіч

Артур Клінаў Шалом
Першы пакупнік на эксклюзіўным продажы раману

Артур Клінаў Шалом

Артур Клінаў Шалом

Артур Клінаў Шалом

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.