Артур Клінаў прэзэнтуе раман пацалункамі, сыркамі і каньяком

28 студзеня а 15 гадзіне на Незалежнасьці 37А (у кнігарні «логвінаЎ») ва ўрачыстай атмасфэры пачнецца эксклюзіўны продаж новага рамана Артура Клінава «Шалом».

Артур Клінаў

Першы пакупнік рамана «Шалом» атрымае ў падарунак ад аўтара пляшку каньяку «Версаль» з аўтографам і магчымасьць выпіць зь ім на брудэршафт. Пакупнікі асобнікаў з № 2 па № 9 атрымаюць аШАЛОМляльны пацалунак ад аўтара рамана.

Пакупнік рамана за нумарам 10 атрымае ў падарунак пляшку гарэлкі і плаўлены сырок «Дружба».

Пакупнік рамана № 14 атрымае акуляры філёзафа Валянціна Акудовіча ў рагавой аправе. І гэтак далей, амаль да бясконцасьці, а дакладней да асобніка № 50, шчасьлівы ўладальнік якога дастане пляшку віна «Азарэньне», брудэршафт, фатаграфію ў прускім шаломе, і ў дадатак ілюстраваны дапаможнік па грамадзянскай абароне. Падчас урачыстай цырымоніі выступяць іншыя літаратары і крытыкі, якія выкажуць сваё «фэ» аўтару і яго твору.

Раман «Шалом» — пра бэрлінска-варшаўска-менска-магілёўскія прыгоды беларускага мастака, які набыўшы антыкварную кайзэраўскую каску, катэгарычна адмаўляецца здымаць яе. Першы месяц раман «Шалом» будзе прадавацца па зьніжаным кошце выключна ў кнігарні «логвінаЎ».

Артур Клінаў — пісьменьнік, мастак, галоўны рэдактар часопіса pARTisan. Аўтар фотаальбома «Горад Сонца» і кнігі «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца».

18:00, 26/01/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.