"Gazeta wyborcza" супраць карупцыі ў Гданьскім Унівэрсытэце
Каб паступіць на навучаньне на факультэт права ў Гданьску, трэба было набраць 54 пункты на ўступных іспытах – гэта ўдалося 212 чалавекам, у той час як месцаў было 250. Астатнія месцы запаўняліся праз дадатковы набор, праз які было прынята яшчэ каля 60 кандыдатаў. Тэарэтычна гэта мусілі быць асобы, якім не хапіла 1-2 пунктаў, хворыя дзеці, дзеці з бедных сем’яў ці тыя, каму пасьпяхова здаць іспыты перашкодзілі надзвычайныя акалічнасьці.
Насамрэч непрынятыя звыш 20 кандыдатаў, што набралі па 53 пункты. Таксама ня трапілі ў лік студэнтаў хлопец, хворы на астму, абітурыент з шматдзетнай сялянскай сям’і з-пад Бродніцаў ці дзяўчына, якая мае маці-настаўніцу, бацьку-безпрацоўнага і яшчэ 5 родзічаў.
За тое быў прыняты сын ганаровага консула Даніі Юльяна Шкельніка, які меў ... 24 пункты.
- “Я ледзь не зваліўся, калі даведаўся, што яго прынялі”, – адказвае школьны сябра малодшага Шкельніка. Яму самому не хапіла 4 пунктаў, дадатковы ж набор яму нічога ня даў.
Консул Шкельнік тлумачыць, што напярэдадні іспытаў сын захварэў і меў тэмпературу 39 градусаў. – Ён добры вучань з вялікай цікавасьцю да гісторыі – кажа консул. - Мусіў змарнаваць цэлы год толькі з-за таго, што захварэў?
У сьпісе набраных дадаткова знайшлі 23 чалавек, якія не набралі нават 40 пунктаў. Дзесяць ня мелі і 30!
Сярод іх – сын Акруговага Судзьдзі Гданьску Эвы Куч (26 пунктаў) і сын вядомага гданьскага адваката Пятра Манькі-Вінецкага (28).
Дачка акруговага пракурора Гданьску Юзэфа Федасюка атрымала толькі 37 пунктаў. Федасюк яшчэ нядаўна вёў сьледзтва па справе карупцыі ў ГУ. Газэце “Gazeta wyborcza” ён паведаміў, што дачцэ не хапіла “колькі пунктаў”. - Напісала заяву на дадатковы набор і паступіла.
Дачка правазнаўцаў са Штуму -Эвы і Цэзара Рэшаторскіх - мела 42 пункты. Сын вядомае гданьскае адвакаткі Ханны Трун – 43. Ненашмат лепшай была дачка судзьдзі Акруговага Суду Гданьску Яцка Зялінскага – 48 пунктаў. Судзьдзя Зялінскі не захацеў камэнтаваць сваю ролю ў прыняцьці свайго дзіцяці на правазнаўства. – «Ня бачу нагоды для размовы з журналістамі на гэтую тэму» , – сказаў ён.
Гданьскі Ўнівэрсытэт – у адрозьнені ад шматлікіх іншых ВНУ краіны – ня мае якіхсьці правілаў, датычных дадатковага прыёму ў студэнты. Адміністрацыя ўнівэрсытэту заяўляе, што станоўчае ці адмоўнае рашэньне аб паступленьні абітурыента прымаецца «па сукупнасьці паказчыкаў».
На пытаньне, кто канкрэтна паступіў і зь якой колькасьцю пунктаў адміністрацыя ўнівэрсытэту адмовілася адказваць, спаслаўшыся на ахову асабістых дадзеных. Не дапамог і ліст ад Генеральнага Інспэктара Аховы Асабістых Дадзеных, які пацьвердзіў, што дадзеныя аб паступленьні ў дзяржаўныя ВНУ мусяць быць адкрытымі. Не дапамог і зварот Трыбуналу па грамадзянскіх правах (ТГП).
Справа трапіла ў адміністрацыйны суд – рэдакцыя «Газэты выборчай» і ТГП патрабуюць сьпісы і абгрунтаваньне прыняцьця студэнтаў на працягу апошніх трох год.
Падрыхтаваў Зьміцер Казлоўскі