У Сумах ліквідавалі мястэчка намётаў студэнтаў, якія абвесьцілі галадоўку

Як паведаміў інфармацыйны цэнтр Студэнцкага супраціву ў Сумах, мясцовыя ўлады загадалі зьнесьці мястэчка намётаў студэнтаў, якія абвесьцілі галадоўку.

Інфармцэнтр Студэнцкага супраціву лічыць, што такое рашэньне зьяўляецца незаконным, паколькі акцыя студэнтаў была санкцыянаванаю. Пры гэтым Інфармцэнтр не паведамляе, ад каго быў артыманы дазвол на сваю акцыю.

Галадоўка студэнтаў у Сумах праходзіць ад суботы, 13 лістапада. Яны пратэстуюць супраць затрыманьня 10 жыхароў Сумаў у ноч пасьля выбараў 31 кастрычніка.

Затрыманыя студэнты ў ноч на 1 лістапада патрабавалі ад кіраўніка 46-ае  акруговае камісіі абвесьціць вынікі галасаваньня. Шасьцёх зь іх 13 лістапада засудзілі да 10 сутак  арышту за "супраціў міліцыі". Пры гэтым на паседжаньне суду не пусьцілі ні родных затрыманых, ні адвакатаў.

 Зараз паводле інфармацыі Студэнцкага супраціву, удалося знайсьці толькі трох з шасьці асуджаных студэнтаў. Яны хаваюцца у горадзе Лябедзін Сумскае вобласьці.
Нагадаем, што ў суботу, 13 лістапада, каля 100 жыхароў Сумаў правялі акцыю пратэсту каля будынку Каўпакоўскага раённага суду, якая скончылася сутыкненьнямі зь міліцыяй. У выніку гэтага пацярпела больш за 10 чалавек.

Кандыдат у Прэзыдэнты лідэр блёку партый "Наша Україна" Віктар Юшчанка лічыць, што суд над сумчанамі зьяўляецца палітычнаю замоваю. Юшчанка заявіў, што ён упэўнены, што засуджаныя не зрабілі нічога супрацьзаконнага і былі затрыманыя выключна праз сваю грамадзянскую пазыцыю.
Тым часам, у панядзелак, 15 лістапада, міліцыя завяла крымінальную справу па факце хуліганскіх дзеяньняў удзельнікаў пікету 13 лістапада каля будынку Каўпакоўскага раённага суду ў Сумах.

Па дадзеных прэс-службы Генпракуратуры, справу завялі па ч. 3 арт. 296 Крымінальнага кодэксу (хуліганства, грубае парушэньне грамадзкага парадку, зьвязанае з супрацівам прадстаўнікам улады, якія выконвалі абавязкі па ахове грамадзкага парадку).

Падрыхтавана па матар'ялах Інформцентру Студентського опору і Українських Новин.

Zmitrok 00:00, 16/11/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5511 seconds.