Навукоўцы: Энэргетычныя напоі выклікаюць алказалежнасьць
Амэрыканскія навукоўцы сьцьвярджаюць, што частае ўжываньне «энэргетыкаў» можа ператварыць вас у алькаголіка. І гаворка ідзе не пра сьпіртаўтрымліваючыя напоі, а пра звычайныя папулярныя кафэінавыя маркі. Імідж вытворцаў энэргетычных напояў яшчэ больш церпіць з-за нядаўняга скандалу ў ЗША, дзе з-за шпіталізацыі 9 студэнтаў шэраг энэргетыкаў забаранілі да продажу.
Інцыдэнт са студэнтамі здарыўся ў штаце Вашынгтон. На адной з паці непаўнагадовыя студэнты атруціліся энэргетыкамі. Паліцыя знайшла іх у стане алькагольнага атручваньня. Усе пацярпелыя ўжывалі алькагольны энэргетык з газіроўкай, гарэлкай ды іншым алькаголем. Як кажуць экспэрты, наркотыкаў студэнты не ўжывалі, а моцнае атручваньне стала рэакцыяй менавіта на энэргетычны напой.
Энэргетык Four Loko, якім атруціліся студэнты, цяпер забаронены ў шэрагу штатаў ЗША.
Назоў напою «Чатыры» паходзіць ад чытарох складнікаў: кафэін, таўрын, гуарана і алькаголь.
Сьпіртаўтрымліваючыя энэргетыкі ўжо забароненыя ў шэрагу штатаў ЗША, а пасьля гэтага выпадку дыскусія пра нэгатыўны ўплыў энэргетычных напояў разгарэлася з новай сілай. Вытворцы заяўляюць, што робяць усё магчымае, каб не нанесьці ўрон сваёй прадукцыяй, аднак ня могуць кантраляваць, з чым спажыўцы мяшаюць энэргетыкі. Аднак факт застаецца фактам — напоі пачалі забараняць. Пакуль, праўда, алкаўтрымліваючыя.
Але вынікі новага дасьледаваньня ЗША ставяць пад пагрозу імідж і звычайных кафэінавых энэргетыкаў. Як тлумачаць амэрыканскія навукоўцы сувязь паміж энэргетыкам і алказалежнасьцю такая: моцна кафэінізаваны напой папросту маскіруе ўплыў алькаголю, а пітушчы яго ўпадае ў так званае «хітрае ап’яненьне». Напэўна, маецца, на ўвазе, што калі рабіць кактэйль з энэргетыка і гарэлкі ці якога рому, то ўплыў апошніх маскіруецца і ня так відавочна адчуваецца арганізмам.
Гэтае дасьледаваньне навукоўцы ніяк не зьвязваюць з масавымі атручваньнямі алкаэнэргетыкамі, а вывучаюць звычайныя энэргетычныя напоі — безалькагольная прадукцыя з павышаным утрыманьнем кафэіну (ад 50 да 500 мг на слоік).
Навукоўцы апыталі болей тысячы студэнтаў ЗША пра іх прыхільнасьці ў напоях за апошні год. Высьветлілася, што каля 10% студэнтаў ўжывалі напоі кшталту «рэдбулаў» болей 52 дзён — іх дасьледнікі акрэсьлілі як «заўзятых выпівох», бо за апошні час яны напіваліся на паці болей за іншых. У выніку з часам ім усё цяжэй адмовіцца ад энэргетыка. Як кажа дасьледніца Амэлія Арыа, дырэктарка Цэнтру аховы здароўя моладзі пры мэдфакультэце ўнівэрсытэту Мэрылэнда:
«Мы ўсталявалі відавочную сувязь паміж любоўю да энэргетыкаў і павелічэньнем рызыкі прызвычайваньня да сьпіртнога».
Навукоўцы не бяруцца сьцьвярджаць, што ідзе найперш — алькаголь ці энэргетык, а канстатуюць сувязь паміж імі. Бо часам энэргетык ужываецца ўжо пасьля паці — для апахмелу. А таксама пры ўжываньні яго застаецца болей сілаў, каб выпіць болей алькаголю.