7.11 — фэст «ЖывыГукON-line» ў Рэактары

7 лістапада ў менскім клюбе «Рэактар» адбудзецца чарговы канцэрт у межах музычнага праекту «ЖывыГукON-line».

Дата правядзеньня гэтага канцэрту абрана не выпадкова. 7 лістапада — гэта ня проста «чырвоны дзень календара», але й дзень нараджэння ідэйнага кіраўніка праекту «ЖывыГукON-line» і вядомага беларускага музыкі Піта Паўлава.

«Гэты халодны восеньскі вечар будзе лепш за ўсё правесьці ў цёплым „Рэактары“, адпачыць і паслухаць добрыя гурты, — кажа Піт. — Тым больш, гэта будзе першы канцэрт нашага праекту на клюбнай пляцоўцы, і адразу ў такім значным менскім месцы».

Павіншаваць Піта, апроч яго ўласнага гурта GaradZkija, прыйдуць маладыя, а таксама ўжо вядомыя беларускія гурты:

  • для гурта Clover Club гэта будзе літаральна першы выступ перад вялікай аўдыторыяй. Але ўжо зараз можна паслухаць іх дэбютны сынгл «So Full of Clover».
  • «Глебстеры», якія ўжо двойчы гралі на канцэртах сэрыі «ЖывыГукON-line» у гэтым годзе, гатовыя прыцягнуць увагу новых слухачоў.
  • Гурт «Мутнаевока» зноў парадуе ўсіх сваім фірмовым драйвам і брудна-мэлядычнымі гітарнымі рыфамі.
  • IQ48, схаваўшыяся гэтым летам на рэпэтыцыйнай базе, упершыню сыграюць песьні, якія ўвойдуць у трэці паўнафарматны альбом.

Канцэрт пачнецца а 21-ай гадзіне і працягнецца да ночы. Квіткі на канцэрт будуць неверагодна таннымі — усяго 9 тысячаў, а для тых, хто сьвяткуе свой дзень нараджэньня 7 лістапада, уваход будзе вольным (трэба мець з сабой пашпарт ці пасьведчаньне аб нараджэньні)!

7 лістапада, клюб «Рэактар» (вул. Веры Харужай, 29). Пачатак а 21:00. Квіткі можна набыць у касах клюбу. Даведкі па тэлефоне: +375 29 3404633. Канцэрт пройдзе пры падтрымцы кампаній „БелПІ“, „Будзьма беларусамі!“ і галерэі ZOYA.

11:00, 11/10/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.