Коннае падарожжа зь Літвы ва Ўкраіну завяршаецца, аднак са стратамі

Працягваем адсочваць разьвіцьцё незвычайнага коннага падарожжа праекту «2000 км гісторыі» зь Літвы празь Беларусь ва Ўкраіну. Вершнікі вандруюць ужо трыццаць чатыры дні, аднак апошні тыдзень падарожжа пачынаюць у жалобным настроі. Ад хваробы памерла і пакінула паход верная ўдзельніца каманды — кабыла Алсета.

«Прычыну сьмерці пакуль ня можам высьветліць з дакладнасьцю, у палявых умовах складана правесьці дасьледаваньне. Гэта магло адбыцца з-за вельмі розных прычынаў. Кабыла магла зьесьці непадыходзячую траву — мы знаходзімся на землях зь незнаёмай расьліннасьцю. Кабыла была вельмі моцнай, аднак такія няшчасьці, як і ў жыцьці людзей, здараюцца непрадбачана», — распавядае вэтэрынар, які вандруе разам з коньнікамі і дасьледуе каней жэмайтыйскай пароды.


Незвычайнае падарожжа завершыцца ўжо на гэтых выходных — у горадзе Ачакаў ва Ўкраіне.

Па шляху вершнікі наведваюць важнейшыя аб’екты ВКЛ, якія здымаюць на дакумэнтальную стужку. Удзельнікі праекту ўжо наведалі замак у Нарвілішках (Літва), беларускія Гальшаны, Крэва, Навагрудак, Слонім, украінскія Луцк, Камянец-Падольск.

Ад пачатку ў паходзе ўдзельнічалі 10 чалавек (цяпер 9 — па стане здароўя на палове шляху праект пакінуў правадыр) — 8 мужчынаў і дзьве жанчыны. Усе яны непрафэсійныя наезьнікі, якія працуюць у сфэрах прадпрымальніцтва, мастацтва, сельскай гаспадаркі і вырашылі пераадолець 2000 км да Чорнага мора, каб па-новаму зафіксаваць гістарычныя карані Вялікага княства літоўскага.

12:00, 12/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.