Пантон. Беларуска-нямецкія тэатральныя сустрэчы

Інстытут імя Гётэ ў Менску і Рэспубліканскі цэнтар беларускай драматургіі запрашаюць далучыцца да будаваньня Пантона, што дапаможа наладзіць пераправу паміж тэатральнымі прасторамі Беларусі і Германіі. Праект «Пантон. Беларуска-нямецкія тэатральная сустрэчы» пачнецца 11 кастрычніка ў 9.00 па адрасе вул. Крапоткіна, 44.

У 10.00 Ларс Фогель, рэжысёр і тэатразнаўца з Германіі, раскажа пра нямецкі досьвед
супрацоўніцтва паміж рэжысёрамі і драматургамі.

Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў прадставіць у 12.00 гадзін даклад пра актуальны стан тэатральнай прасторы Беларусі.

У 16.00 гэтага ж дня пройдзе дыскусія «Тэкст у тэатры», падчас якой мадэлі абыходжаньня з тэкстам на сцэне будуць разглядацца з розных пэрспэктыў: аўтара, рэжысёра, перакладчыка, актора.

12 кастрычніка ў 14.00 распачнецца сэрыя відэапаказаў нямецкіх спэктакляў, што
працягнецца і ў наступныя дні (13 і 14 кастрычніка ў 11.00 гадзін).

Рэжысёры Тацяна Арцімовіч і Аляксандр Марчанка прадставяць увазе публікі свой досьвед узаемадзеяньня з сучаснай нямецкамоўнай драматургіяй: 12 кастрычніка ў 17.00 адбудзецца сцэнічнае чытаньне п’есы Дэі Лоэр «Жыцьцё на Плошчы Рузвэльта» у пастаноўцы Т. Арцімовіч; 14 кастрычніка ў 16.00 А. Марчанка пазнаёміць з «Брыдкім» Марыўса фон Маенбурга. Пасьля кожнага чытаньня гледачы будуць мець магчымасьць узяць удзел у абмеркаваньні прадстаўленых п’ес і іх сцэнічных інтэрпрэтацый.

Падзяліцца думкамі пра ўбачанае і набалелае можна будзе 15 кастрычніка з 10.00 да 18.00 гадзін у фармаце Open Space, які дазваляе кожнаму ўдзельніку прапаноўваць тэмы для дыскусіі. Тэматычнае поле Open Space азначанае як «Патэнцыял, праблемы і пэрспэктывы тэатра ў сучасным грамадзтве».

Падчас праекта ў фае Тэатра беларускай драматургіі наведвальнікі змогуць азнаёміцца з актуальнымі інфармацыйнымі матэрыяламі шматлікіх тэатраў Германіі.

Праект «Пантон. Беларуска-нямецкія тэатральныя сустрэчы» мае на мэце стварэньне
плятформы для інтэнсыфікацыі абмену паміж тэатрамі дзьвюх краін і адрасаваны як
прафэсіяналам тэатральнай сцэны, так і шырокаму колу аматараў тэатра.

Праграма: www.goethe.de/minsk, www.rtbd.by.

13:00, 07/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5532 seconds.