«Дзьверы» — некамэрцыйны фэст аматарскіх тэатраў

У Менску пройдзе першы некамэрцыйны фэстываль аматарскіх тэатраў «Дзьверы». Пляцоўкі для фэсту, які пройдзе 13-15 кастрычніка, прадастаўляюць менскія ўнівэрсытэты, а сваё майстэрства пакажуць аматарскія тэатральныя каманды. Уваход вольны!

Часам першым робіць фэстываль адзін прыежджы калектыў, часам — новая пляцоўка, часам — тое, у які час году ён ладзіцца. А часам усё бывае насамрэч упершыню.

Першы некамэрцыйны фэстываль аматарскіх тэатраў «Дзьверы» — першы, таму што

  • Некамэрцыйны — фэстываль падтрымлівае ідэю «Не плаці!». Арганізатары не плацяць сваімі нэрвамі (бо арганізуецца ўсё без панікі і зь любоўю да тэатра і акторскага майстэрства). Акторы не плацяць за ўдзел, гледачы — за ўваход. Адзіна валюта на фэсьце — добрая воля, здаровы энтузіязм і бязьмерны інтарэс, які мяжуе зь цікаўнасьцю.
  • Аматарскі — тэатральныя трупы, якія прымаюць удзел у фэсьце, не зьяўляюцца прафэсійнымі акторамі. Тэатар — ня іх лёс, гэта іх хобі, што ператвараецца ў цэлае жыцьцё. На дадзены момант умовы ўдзелу ў фэстывалі — бязьмежнае захапленьне. І гатоўнасьць граць на прапанаваных арганізатарамі сцэнах.
  • Карыстаецца дабрынёю рэктараў унівэрсытэтаў — пляцоўкі для прадстаўленьняў будуць прапанаваныя разнастайнымі ўнівэрсытэтамі Менску ў якасьці акту добрай волі і дапамогі маладым акторам.

«У аснову ідэі лягло простае жаданьне часьцей выступаць на буйных пляцоўках гораду. Нас неяк асяніла: а раптам мы не адзіныя? І пасьля непрацяглага пошуку ў Сеціве высьветлілася: аматараў-тэатралаў нашмат болей, чым аматарскіх фэстываляў. Дакладней, фэстываляў няма, а акторы ёсьць. І мы вырашылі паспрабаваць выправіць гэтае прыкрае непаразуменьне», — наперабой кажуць арганізатары фэстывалю, акторы і ўдзельнікі «капра-дуэту» Cigalе Мікіта Сідарэнка і Ўладзімір Галак.

Шоў мусіць працягвацца — вось той мэсыдж, які ўкладаюць арганізатары ў фэстываль. І ніякія дзьверы ня мусяць зачыняцца перад шчырым жаданьнем тварыць і ўдасканальваць акторскае майстэрства.

Праграма фэсту

13 кастрычніка
Філфак БДУ, (К.Маркса, 31)

  • 19:00 — Адкрыцьцё фэстывалю «Дзьверы»
  • «Прадавец кухталёў», тэатар «Touchons-ka», рэжысёр Галіна Прэснова.
  • «Пакараньне сьмерцю», студэнцкі тэатар ФМА.

14 кастрычніка
Філфак БДУ (К. Маркса, 31)

  • 19:00
  • «Спэктакль такі-та», Рондстудыя, рэжысёр Люба Журомская.
  • «Жарсьці па Рабле», творчы Капра-дуэт Сыгаль, рэжысёры Ўладзімір Галак і Мікіта Сідарэнка.

15 кастрычніка
БДУІР (П. Броўкі, 4)

  • 18:00
  • «Акторы», тэатр-студыя «7 паверх», рэжысёр Аляксей Кондра, Натальля Мельнікава.
  • «Разьвясёлыя жабракі, ці каханьне і свабода», студэнцкая экспэрымэнтальная тэатр-студыя «ARTvoyage», рэжысёр Алана Айворы.
  • Закрыцьцё фэсту «Дзьверы».
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5683 seconds.