За тыдзень да менскага канцэрту захварэў бубнач Limp Bizkit

Канцэрт Limp Bizkit у Осла, заплянаваны на 27 верасьня, быў нечакана скасаваны і пад пагрозаю адмены наступныя два канцэрты ў Расеі. Прычына — хвароба бубнача гурта Джона Отта. Музыканту паставілі дыягназ «пнэўманія». Да менскага канцэрту Limp Bizkit застаецца роўна тыдзень. Сытуацыю камэнтуюць беларускія арганізатары.

Пра хваробу бубнача паведаміў мэнэджэр Limp Bizkit. У бліжэйшы час дактары вызначаць, ці дазволіць стан здароўя Отта працягнуць канцэртны тур. 1 кастрычніка Limp Bizkit мусяць выступіць у Санкт-Пецярбургу, 3-га — у Маскве, а 5-га — у Менску.

Нагадаем, канцэрт у Беларусі напачатку быў заплянаваны ў «Мінск-Арэне», аднак з-за недастатковай колькасьці прададзеных квіткоў арганізатары перанесьлі выступ у Палац Спорту, абвергнуўшы чуткі пра адмену канцэрту. Цяпер чуткі аднавіліся наноў — з нагоды хваробы музыканта. Аднак арганізатары завяраюць, што пакуль адмена канцэрту не плянуецца.

«На дадзены момант мы ня маем ніякіх афіцыйных заяваў, лістоў, пацьвярджэньняў, званкоў пра тое, што гурт Limp Bizkit адмяняе менскі канцэрт. Мы рыхтуемся да канцэрту і пакуль ніякай пагрозы для адмены для нас не існуе», — пракамэнтавала Generation.by прадстаўніца каманды арганізатараў канцэрту Тамара Шахназарава.

Канцэртны тур Limp Bizkit прысьвечаны нядаўняму выпуску пятага студыйнага альбому гурта — «Gold Cobra», які прыхільнікі чакалі шмат гадоў. Папярэдні альбом каманды выйшаў у 2003 годзе.

tarka 18:00, 28/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0865 seconds.