Крэсла з цьвіком — самы беларускі сымбаль

Беларускія жж-юзэры арганізавалі конкурс на лепшую ідэю да беларускага магніціка на лядоўню. Трактар, васількі ды дранікі з саламянымі лялькамі не вытрымалі канкурэнцыі з самым «беларускім» сымбалем — «цьвік у азадку»! Арыгінальная партыя магніцікаў «А можа, так і трэба?» ужо чакае пераможцаў, а да вытворцаў сыплюцца прапановы наладзіць продаж.

Абвестка пра конкурс зьявілася ў пачатку жніўня ў суполцы minsk_by:

«Які прадукт, тавар, прадмет, выраб — зьяўляецца настолькі тыпова беларускім, што яго выява будзе асацыявацца зь Беларусьсю без тлумачальных надпісаў? Вось каб які эмігрант беларускі ці сенегальскі турыст павесіў сабе на лядоўню, і каб кожны раз, як гляне на гэты магніцік — дык ажно яму сэрца каб сьціскалася ад настальжы!» — заклікала жж-юзэрка Charniauka.

У тройку лідэраў выбіліся беларускі грашовы заапарк — магніцікі-«зайчыкі» ды іншае грашовае зьвяр’ё, другое месца за дранікамі са сьмятанай.

«Мой страўнік галасуе за дранік!», «Задралі палітыка і самаіронія!» — падтрымлівалі шчодрыя на камэнты заўзятары.

Аднак у сечы ў паўтары сотні камэнтаў «мэнтальнасьць» перамагла. «За цьвік. Гэта наша мэнтальнасьць:)», «Цьвік! Бо непрыкрытая праўда», «Прышпільна і пра нас. Ведаем, што ён там ёсьць, але ўсё роўна сядаем. Беларускі мазахізм»… «Цьвік у азадку» перамог зь вялікім адрывам. Аўтары ідэі юзэры krywal і murmyaus у якасьці прыза атрымаюць першую партыю «цьвікоў» ручной працы. Першую, бо за «непрыкрытай праўдай» ужо выбудоўваецца чарга ў камэнтах.


Здымкі з жж charniauka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.