Студэнцкая палiклiнiка на парозе закрыцця?

З просьбай праверыць чуткi, якiя сёння ходзяць у студэнцкiм асяроддзi, да нас у газету звярнулiся першакурснiкi Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага унiверсiтэта iмя М.Танка. Iх, у прыватнасцi, хвалявала магчымае закрыццё ў сталiцы 33-й студэнцкай палiклiнiкi. Лiтаральна два тыдні таму «Звязда» са спасылкай на першага намеснiка мiнiстра аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Вiктара Калбанава паведамляла, што на працу 33-й студэнцкай палiклiнiкi паступала шмат скаргаў, у сувязi з чым мiнiстэрства вырашыла яе рэарганiзаваць. Праўда, аб намеры закрыць студэнцкую палiклiнiку размова быццам бы не iшла. I раптам… гэтыя чуткi (як мы неаднойчы пераконвалiся, дыму без агню не бывае).

Каб высветлiць сiтуацыю, мы звярнулiся ў Камiтэт па ахове здароўя Мiнгарвыканкама да начальнiка ўпраўлення лячэбна-прафiлактычнай дапамогi Наталлi Прадко. Наталля Мiхайлаўна, у прыватнасцi, пацвердзiла нам, што Камiтэт па ахове здароўя плануе перайсцi на iншую форму медыцынскага абслугоўвання студэнцкай моладзi. 33-я сталiчная палiклiнiка ўжо даўно была не ў стане прыняць i якасна абслужыць усiх студэнтаў: фактычна яна ператварылася ў «канвеер» па выдачы медыцынскiх даведак. Пад дзвярамi ў спецыялiстаў збiралiся натоўпы студэнтаў, якiя шмат гадзiн вымушаны былi праводзiць у чэргах. Таму нездаволенасць працай студэнцкай палiклiнiкi была ў многiм справядлiвая.

Каб выправiць гэту сiтуацыю (дарэчы, на ўсёй постсавецкай прасторы студэнцкiя палiклiнiкi засталiся толькi ў двух гарадах — Харкаве i Растове), Камiтэт па ахове здароўя Мiнгарвыканкама вырашыў замацаваць усiх студэнтаў за iх фактычным месцам жыхарства. Цалкам вiдавочна, што абсалютна не пацерпяць ад будучых перамен студэнты-мiнчане: яны будуць абслугоўвацца ў палiклiнiках побач са сваiм домам. Не павiнны пацярпець таксама i студэнты, якiя жывуць у iнтэрнатах, — iх прымуць да сябе палiклiнiкi, у зону абслугоўвання якiх трапляе вулiца, на якой размешчаны iнтэрнат. У сувязi з гэтым 33-я палiклiнiка, якая не зачынiцца, а стане звычайнай тэрытарыяльнай палiклiнiкай, усё роўна захавае свой ярка выражаны студэнцкi ўхiл, паколькi на яе абслугоўваннi застанецца шмат студэнцкiх iнтэрнатаў (БНТУ, унiверсiтэта iнфарматыкi i радыёэлектронiкi i iншых), якiя тэрытарыяльна трапляюць у сферу абслугоўвання 33-й сталiчнай палiклiнiкi.

А цяпер аб iншагароднiх студэнтах без мiнскай прапiскi. Наталля Прадко запэўнiла нас, што яны без праблем змогуць аформiцца ў блiжэйшай да iх цяперашняга месца пражывання палiклiнiцы. Для гэтага iм дастаткова будзе толькi паказаць там свой студэнцкi бiлет i напiсаць заяву на iмя галоўнага ўрача. У Камiтэце па ахове здароўя не сумняваюцца, што ў вынiку праведзенай рэарганiзацыi медыцынскае абслугоўванне студэнцкай моладзi ў сталiцы значна палепшыцца. Праўда, калi канкрэтна трэба чакаць змянення ў парадку медыцынскага абслугоўвання студэнтаў, нам паведамiць не змаглi. Хутчэй за ўсё, тэрытарыяльны прынцып замацавання студэнтаў за палiклiнiкай па месцы пражывання пачне дзейнiчаць з новага года.

Надзея НIКАЛАЕВА, "Звязда"
Zmitrok 00:00, 20/10/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0059 seconds.