Буккросінг у Беларусі. Пачынаем з Караткевіча!
З нагоды 80-годзьдзя з дня нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча аўтарка блогу karatkevichy-80.blog.tut.by Натальля Ярмольчык ініцыюе акцыю, заснаваную на прынцыпах буккросінга.
Буккросінг атрымаў шырокае распаўсюджаньне ў Эўропе, але пакуль мала вядомы ў Беларусі. Яго сутнасьць заключаецца ў наступным: чалавек рэгіструе сваю кнігу на сайце, атрымлівае для яе індывідуальны нумар, разьмяшчае на кнізе ліст з інфармацыяй аб тым, што кніга ўдзельнічае ў буккросінгу, а потым «забывае» яе ў грамадзкім месцы навідавоку, каб яе знайшоў іншы чалавек, прачытаў, падзяліўся сваімі ўражаньнямі на сайце, а потым у сваю чаргу зноў «адпусьціў кнігу ў вандроўку».
«Я ўпэўненая, што сярод нас шмат прыхільнікаў творчасці Караткевіча і разам мы зможам стварыць маленькі цуд у маштабах краіны. Не буду Вас больш інтрыгаваць і, нарэшце, раскрыю сваю ідэю. Давайце адпусцім нашыя любімыя кніжкі Караткевіча ў падарожжа па краіне. Ці веру я ў поспех маёй ідэі?.. Усё залежыць ад Вас», — піша аўтарка блогу.
Такім чынам, блог прапануе ажыцьцявіць у Беларусі акцыю, падчас якой па краіне будуць вандраваць кнігі Караткевіча.
На блогу кожны ахвотны зможа зарэгістраваць сваю кнігу, даведацца аб некаторых фактах жыцьця і творчасьці вядомага беларускага пісьменьніка, а таксама прагаласаваць за свой любімы твор.
Напярэдадні 26 лістапада, калі сьвяткуецца 80 год з дня нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча, будзе вызначаны самы лепшы водгук, прысьвечаны творчасьці пісьменьніка.