Наваполацкіх студэнтаў здымаюць з параў і “гоняць” галасаваць

Студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта вядуць галасаваць. Дэкан фінансава-эканамічнага факультэту сп. Каструк  ужо «загнаў» на галаваньне 2-курс. Зараз у чарзе ля ўчастку пад ягоным наглядам стаяць студэнты 3-га курсу. Дэкан прызначыў дні, калі павінны галасаваць студэнты: для розных групаў розныя, але не пазьней пятніцы 15 кастрычніка.

А 13:00 дэкан інжынэрна-будаўнічага факультэту ПДУ сп. Бакатовіч зьняў з параў студэнтаў і загадаў ісьці на галасаваньне.

Дэкан юрыдычнага факультэта ПДУ сп. Ягораў загадаў свайму намесьніку па выхаваўчай працы прывесьці студэнтаў, што жывуць у інтэрнаце, на датэрміновае галасаваньне. Студэнтаў “ловяць” ва ўнівэрсытэце і кантралююць, каб тыя ішлі на выбарчы ўчастак. Студэнтам ён сказаў: «Сёньня рэктар (cп. Лазоўскі) даў загад, каб усе прагласавалі датэрмінова. Мы павінны забясьпечыць вашую яўку».

Дэкан тэхналягічнага ф-ту сп-ня Жэркова прыйшла ў аўдыторыю і папярэдзіла студэнтаў, што занятак спынены. Тыя, хто прагаласуе зараз, адпускаюцца з заняткаў. Кантроль за студэнтамі будзе ажыцьцяўляцца па сьпісах.

Па дадзеных Наваполацкай суполкі ЗБС учора прагаласавала каля 30 студэнтаў, сёньня ўжо болей 200. Усяго ж студэнтаў, што жывуць у інтэрнатах ПДУ, якія маюць права голасу, каля 1500.

<P align=right>Воля Кузьміч

tarka 00:00, 13/10/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.