Нямігу вернуць на месца, а Дом фізкультурніка — зьнясуць

Гістарычны цэнтар Менску чакаюць глябальныя зьмены. Рака Няміга можа вярнуцца з падземных труб, Дом фізкультурніка, што каля выхаду з мэтро «Няміга», зьнясуць, а на яго месцы адновяць будынкі XII стагодзьдзя з музэем і тэатрам-балаганам. Між іншым, большасьць праектаў менскіх будаўнікоў у гістарычным цэнтры пастаянна крытыкуецца гісторыкамі.


Так у будучым можа выглядаць вуліца Гандлёвая. Праект ужо выклікаў пратэсты

Як перадае агенцтва «Мінск-Навіны», у самым цэнтры Менску ля выхаду з мэтро «Няміга» ў 2011 годзе можа пачацца вялізная будоўля. Зь небыцьця ў сталіцу можа быць вернутае Менскае замчышча, часткова зруйнаванае ў час будаўніцтва мэтро і нядаўна раскапанае і зноўку закапанае археолягамі.

Паводле плянаў КУП «Менская спадчына», паміж былым праспэктам Машэрава і Сьвіслаччу зьявіцца музэй пад адчыненым небам. Тут адновяць частку будынкаў, якія стаялі яшчэ ў XII стагодзьдзі. Іх фрагмэнты якраз знайшлі падчас мінулагодніх раскопак у цэнтры. Ля музэю пабудуюць Ніжні рынак з гандлёвымі радамі і тэатрам-балаганам.

Магчыма адновяць і частку рэчышча невялікай ракі Няміга, схаванай у трубу пад аднайменнай вуліцай у 1929 годзе. Яна стане элемэнтам адноўленага гісторыка-археалягічнага цэнтру.


Так выглядае рака Няміга цяпер. Фота Alexander Zaitsev

Таксама Менску вернуць Ракаўскае прадмесьце. Для гэтага з цэнтру плянуецца вынесьці некалькі прадпрыемстваў: хлебазавод, шпалерную фабрыку. Частку вуліц Ракаўская і Вызваленьня зробяць пешаходнымі. Вызваляць ад машын таксама і часткі вуліц Камсамольская і Інтэрнацыянальная.

Адрэканструююць і Траецкае. Там да 2012 году заменяць камунікацыі, тратуарную плітку — пакладуць брукаванку пад 18 ст. Высяляць людзей з Траецкага прадмесьця пакуль не плянуецца, але «калі-небудзь, магчыма, яно будзе перароблена пад гатэлі», — заявіў галоўны інжынэр КУП «Менская спадчына» Мікалай Жых.


Так выглядала Няміга ў 60-х

Да 2013 году ў Верхнім горадзе паўстане падземная аўтастаянка, новыя крамы і рэстарацыі. Агулам зьяўляецца ўражаньне, што цэнтар Менску зьбіраюцца поўнасьцю пакрыць гатэлямі, рэстарацыямі і крамамі. Усе працы плянуецца завершыць да 2014 году.

Разам з тым прадстаўнікі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» пастаянна заяўляюць аб парушэньнях у ходзе рэканструкцыі гістарычнага цэнтру. Па словах старшыні аб’яднаньня Антона Астаповіча, падчас будоўлі ў раёне Нямігі, Верхняга гораду, дзе цяпер аднаўляюць манастыр Бенэдыктынак, некалькі разоў парушалася заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Таварыства зьвярталася нават у пракуратуру, але пакуль асаблівага ўплыву на працы ў гістарычным цэнтры намаганьні гісторыкаў не прынесьлі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0069 seconds.