Гей-парад па-варшаўску

Болей за 8 тысячаў прадстаўнікоў нетрадыцыйных сэксуальных меншасьцяў зьехаліся ў Варшаву на буйнейшы ў Польшчы і Ўсходняй Эўропе гей-парад EuroPride. Як выглядаюць гей-парады ў нашай частцы кантынэнту — у фотаблогу з месца падзей.

Насамрэч, у гэту суботу на моцным сонцапёку ў сталіцы Польшчы прайшлі адразу два парады: тых, хто абараняў правы геяў, і тых, хто не хацеў бачыць парад на вуліцах Варшавы. Апошніх прадстаўлялі правыя рухі, у тым ліку нэанацысты. Сустрэча дзьвюх калён прыцягнула вялізную ўвагу мінакоў, якія з радасьцю разьбіралі памятныя падарункі.

Геі і абаронцы іх правоў адрываліся на поўную: таньчылі, разьязджалі на аўтобусах, несьлі плякаты і традыцыйны каляровыя сьцягі. Галоўнай мэтай іх выхаду на вуліцы Варшавы стала патрабаваньне прыняцьця законаў, якія забясьпечваюць роўныя правы для сэксуальных меншасьцяў.

Праціўнікі сэксуальных меншасьцяў, як і іх прыхільнікі, не пашкадавалі часу, каб прыехаць зь іншых краін. Прадстаўнікі польскіх і вугорскіх рэлігійных і крайне правых арганізацый сустрэлі парад з асобнікамі Старога Запавету, лёзунгамі «Не Садому і Гаморе!» і пакункамі зь яйкамі. Супраць некаторых праціўнікаў шэсьця паліцыя была вымушаная ужыць дубінкі, а 9 чалавек трапілі за краты.

Гей-парады ў Польшчы адбываюцца з 2001 году, але панэўрапейскі EuroPride атрымалася правесьці ўпершыню. Польская гей-супольнасьць некалькі разоў спрабавала арганізаваць EuroPride, але кожны раз сустракала супраціўленьне ўладаў. У 2007 справай нават займаўся Страсбурскі суд, які абавязаў тагачаснага прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага не супрацьстаяць шэсьцю.

Нагадаем, што гэтым летам гей-парады з рознай доляй пасьпяховасьці пайшлі ў Менску і Вільні.

Глядзіце фотарэпартаж з варшаўскага гей-параду

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.