Уручную перафарбаць гару, каб вярнуць ляднік
Чацьвёра жыхароў вёскі ў пэруанскіх Андах ужо другі тыдзень уручную перафарбоўваюць пік Chalon Sombrero. Сьмелыя творцы хочуць надаць 4756-мэтровай гары былую бялізну, калі верхавіна была цалкам пакрытая лёдам. Незвычайную ініцыятыву падтрымаў Сусьветны банк.
Яшчэ дваццаць гадоў таму верхавіна гары была цалкам пакрытая ледніком, які забясьпечваў жыхароў навакольных вёсак вадою. На сёньня 22% леднікоў Пэру растаялі і агалілі пік Chalon Sombrero. Мясцовыя жыхары жывуць пераважна за кошт гадаваньня скаціны, а няма вады — няма й жывёлаў.
Незвычайнае вырашэньне сытуацыі прапанаваў 55-гадовы Эдуарда Голд — проста пафарбаваць гару ў традыцыйны некалі для яе колер ледніка. Фарба экалягічна бясшкодная з традыцыйным для Пэру складам: вапна, тэхнічны яйкавы бялок і вада. Дзядзька ўзяўся за такую справу ўпэўнена, хоць і ня мае ніякай адмысловай адукацыі. Каб справа ішла хутчэй, мужыкі не цацкаюцца з пэндзлікамі, а проста выліваюць фарбу на камяні.
Ідэю самавучкі падтрымаў Сусьветны банк. Голд у канцы 2009-га разам зь яшчэ 24 шчасьліўчыкамі па ўсім сьвеце перамог у праекце 100 Ideas to Save the Planet. Нягледзячы на тое, што дзядзька яшчэ не атрымаў $ 200 000, праца ўжо ідзе ва ўсю ўласнымі сіламі.
Але як фарбаваньне гары можа захаваць плянэту? Ідэя палягае ў наступным: вярнуць сьнег альбо адрадзіць ледзяны шчыт штучна немагчыма, аднак магчыма панізіць тэмпэратуру. Для гэтага неабходна павялічыць здольнасьць гары адбіваць сонца, каб промні адлюстроўваліся назад у космас, ня грэючы паверхню гары.
Насамрэч ідэя не такая ўжо й фантастычная. У свой час міністар энэргетыкі ЗША Steven Chu прапаноўваць зрабіць нешта падобнае з дахамі будынкаў сьвету. А пазьней нават стварылі адмысловую чарапіцу, якая мяняе колер.
Перафарбоўка гары дазволіць зьмяніць мікраклімат тэрыторыі. «Холад пародзіць холад». — перакананы Голд. Калі ідэя сябе апраўдае, то цалкам верагодна, што фарбаваць пачнуць і іншыя схілы.
Паводле BBC