Студэнтаў БДАТУ агітуе за рэфэрэндум начальнік Акадэміі МУС

Прымус студэнтаў галасаваць датэрмінова набывае ўсё больш дзіўныя формы. У некаторых ВНУ ўжо па другім коле арганізуюць сустрэчы студэнтаў з адміністрацыяй. А ў БДАТУ 7 кастрычніка а 13:30 у 2-м корпусе ў аўд.315 выступаў увогуле прадстаўнік адміністрацыі іншай навучальнай установы -начальнік Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Ю.С. Яфімчык (дарэчы, палкоўнік міліцыі). Усё па звыклым за апошнія два тыдні сцэнары: сустрэчу прызначаюць раптоўна, прысутнасьць абавязковая, расповед паважнай асобы пра заслугі прэзыдэнта перад айчынай. На пытаньні Studenty.by адказвае ўдзельніца сустрэчы, студэнтка БДАТУ Кася.

Якім чынам ты трапіла на гэтую сустрэчу?

Кася: Мне сёньня сказаў пра гэта стараста на трэцяй пары і то выпадкова. Я нават ня ведала, з кім менавіта там будзе сустрэча. Туды сагналі з усіх інтэрнатаў студсаветы, прадстаўнікоў студэнцкага актыву і старастаў. Пры тым што студсаветаўцы ўвогуле прыйшлі на паседжаньне агульнага студсавету. Ім менавіта так сказалі. Сагналі поўную аўдыторыю - каля 200 студэнтаў.

Што было зьместам размовы, колькі яна цягулася, і чаму менавіта начальнік Акадэміі МУС выступаў перад вамі, а не ваш рэктар, напрыклад?

Кася: Сама сустрэча была на перапынку, а гэта дзесьці 40 хвілінаў. Выступоўца ну вельмі марудна распавядаў. Ён казаў, што быў у розных краінах і дасьведчана можа заяўляць, што ў Беларусі ўсё добра і ўвогуле назіраецца эканамічны рост. Распавядаў пра нейкага сябра-замежніка, які прыехаў у Беларусь і быў вельмі зьдзіўлены. Казаў, што ў нас нават лепей, чым у яго на радзіме.Як казаў гэты палкоўнік: “Мы пошли в Раковский бровар, выпили по рюмочке, заказали дряничков. Друг говорит - у вас так прекрасно всё. И чего оппозиция кричит?”.
А пра рэктара я нічога добрага ня чула. Кажуць, што выступае кепска. Можа таму яму й не даверылі выступаць у нас. Але гэта толькі мае здагадкі.

А ці былі з боку гэтага палкоўніка нейкія канкрэтныя заявы наконт рэфэрэндума?

Кася: Так, ён некалькі разоў падкрэсьліваў адсутнасьць тэрактаў у Беларусі. Казаў, што мы павінны яшчэ раз падумаць перад тым, як ісьці галасаваць. Сказаў такі выраз пра намеры Лукашэнкі: “Ён не як прэзыдэнт хоча ісьці на прэзыдэнта, а як любы грамадзянін. Я ведаю, што вас вучаць аб тым, што абвяшчэньне рэфэрэндума пярэчыць выбарчаму кодэксу, -  ня верце!" Канешне, ён казаў, што мы павінны падтрымаць прэзыдэнта.

Нам вядома, што гэта ўжо ня першая падобная сустрэча са студэнтамі БДАТУ. Як лічыш, наколькі паўплывала на думку прамова палкоўніка міліцыі?

Кася: Безумоўна, рэакцыя была адмоўная. Студэнты дачакаліся заканчэньня перапынку і хуценька пабеглі, каб яшчэ перакусіць. Некаторыя пры выхадзе з аўдыторыі казалі, што гэта ўсё “лажа”, прамыўка мазгоў. Большасьць прысутных на сустрэчы ўвогуле амаль спалі, бо выступоўца размаўляў надта марудна. Многія студэнты ў нас зараз абмяркоўваюць, як надакучыла гэтая агрэсіўная агітацыя за рэфэрэндум і датэрміновае галасаваньне.

Ці можаш спрагназаваць, ці пойдуць усё  ж студэнты твайго ўнівэрсытэту на датэрміновае галасаваньне?

Кася: Справа ў тым, што нашае жаданьне адміністрацыі не цікавае. Мы проста ня маем выбару. Сёньня стараста нам сказаў, што ў чацьвер у 10:45 наша група ідзе на галасаваньне. Стараста папярэдзіў, што будуць здымаць з параў, каб усе дружна ішлі галасаваць. А ў пятніцу і суботу заняткі будуць напалову скарочаныя, каб студэнты проста зьехалі дадому. Але я застануся і буду галасаваць 17-га.

<P align=right>Воля Кузьміч

@ptymist 00:00, 10/10/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0048 seconds.