3-га чэрвеня трыб’ют легендарнага менскага гурта «Ы.Ы.Ы»

У трыб’юце памяці Васі Шугалея на сцэне «Рэактара» возьмуць удзел гурты «Кассиопея», The UNB, Rockerjoker, Neuro Dubel, «Серебряная Свадьба».

Вася Шугалей нарадзіўся 31 сьнежня 1970 года ў сталіцы нашай неабсяжнай Радзімы горадзе Менску. Вельмі хутка стаўшы самым камунікабэльным пэрсанажам менскай рок-тусоўкі, умудрыўся перазнаёміцца ня толькі зь беларускімі музыкантамі, але і з заежджымі расейскімі зоркамі.

Знакамітая гісторыя пра Васю Шугалея і Аляксандра Малініна. Аднойчы Вася, прабраўшыся да яго ў грымёрку, дамовіўся зь ім пра сумесную вандроўку ў Японію зь няісным на той момант гуртом Васі. Які, па яго ж расповедах Малініну, граў беларускія народныя песьні на сучасны лад. Так ужо праз тыдзень зьявіўся на сьвет адзін з Васіных праектаў пад назвай «БазЫлькі». Варта адзначыць, што ў Японію хлопцы так і не паехалі, затое пасьпяхова запісалі альбом у маскоўскай студыі Замараева.

І хоць гуру савецкай рок-сцэны Арцемій Троіцкі не апынуўся ўражаны творчасьцю асноўнага Васінага праекта гуртом «Ы.Ы.Ы», менавіта яго рэакцыя на менскі панк-гурт прывяла беларусаў у навагодні эфір на Цэнтральным тэлебачаньні 31 сьнежня 1990 года. І менавіта здымкі ў культавай праграме «А» ўжо ў Новым, 91-м годзе зрабілі беларусаў знакамітымі на ўвесь Савецкі Саюз.

Менавіта Шугалей быў першым маскоўскім прадусарам «Ляпіса Трубяцкога», «Би-2», «Жуков», аўтарам даволі вядомага праекта «Сюрпрыз для Алы» (у пары зь Філіпам Кіркоравым) і лякальнага значэньня зоркай экрану (у праграмах «Вася ін да Хаўз» Васіля Стрэльнікава і «Пип-Парад» Міхаіла Рольніка). Пісаў песьні — менавіта ён, да прыкладу, зьяўляецца аўтарам шлягеру «Ветер знает» гурта «Браво». Забаўляўся ўласнай творчасьцю — у межах праектаў «20000 зажЫгалок» і «Рольник, Шугалей, Скуратовский BANG». Аднак самым вядомым Васіным праектам стаў гурт «Ы.Ы.Ы.» Плянаваў новыя праекты — але 7 сакавіка 2003 году Васіля ня стала: Шугалея забілі ў яго любярэцкай кватэры.

Песьні Васі Шугалея сьпявалі ад гурта «Браво», да «Нэйра Дзюбеля», Зьмітра Вайцюшкевіча, «Серебряной Свадьбы», «Кассиопеи» і «Рокерджокера»…

3-га чэрвеня, клюб «Рэактар», 19:00. Квіткі: папярэдне — 25000 (замова праз смс на тэл +375 29 700 22 44), у дзень канцэрту — 30 000, месца за столікам — 40 000. Інфалінія: +375 29 121 25 24.

12:00, 25/05/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0551 seconds.