Студэнтаў БДТУ прымушаюць ісьці на датэрміновае галасаваньне па рэфэрэндуме

4 верасьня ў актавай залі першага корпуса Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэта на Сьвярдлова 13а а 16:00 адбылася сустрэча студэнтаў з рэктарам Іванам Міхайлавічам Жарскім. Студэнтаў "прыгналі" на сустрэчу. Рэктар ішоў на саступкі студэнтам, чым моцна ўсіх парадаваў і атрымаў прыхільнасьць. У працяг жа заявіў, што ўсе студэнты БДТУ павінны галаcаваць на рэфэрэндуме датэрмінова і толькі за. Як быццам ненаўмысны хабар за гэта – выходны ў суботу 16-га верасьня.

На пытаньні Studenty.by адказвае студэнтка БДТУ Тацьцяна.

Каго запрасілі на сустрэчу з рэктарам?

Тацьцяна: Усіх інтэрнатаўскіх. Факультэт выдавецкай справы і лесагаспадарчы ф-т. Дэканы прысутнічалі там, але не выступалі. Выступаў толькі рэктар.

16-я гадзіна, вечар… Няўжо студэнты самастойна вырашылі паахвяраваць сваім вольным часам дзеля сустрэчы з рэктарам?

Тацьцяна
: Усім нам трэба было быць абавязкова! Нас яшчэ запужалі. Казалі, калі ты ня прыйдзеш, то адразу выселяць зь інтэрнату, трэба будзе пісаць нейкія тлумачальныя ці іншыя паперы.

А што было зьместам самой сустрэчы і колькі яна цягнулася?

Тацьцяна
: У інтэрнат усе вярнуліся толькі ў 18:30. Такога, мабыць, ніколі ня было: цяпер зрабілі сыстэму з паперкамі. Хто хацеў – пісаў пытаньні да рэктара на паперках. Усе былі такія радыя. Студэнты былі шчасьлівыя, сьмяяліся. Маўляў, гэта наш рэктар такі нармалёвы чалавек. Карацей, стаўленьне адразу зьмянілася. Бо Жарскі вядомы ва ўнівэры як чалавек неверагодна жорсткі. Старэйшыя курсы кажуць нават, што ён не саромеецца зьбіваць студэнтаў. А тут на сустрэчы рэктар быў вельмі ветлівым. Адказваў на ўсе пытаньні. Напрыклад, адзін студэнт запытаўся наконт новай сыстэмы з вымовамі. У мінулым годзе за 50 прапушчаных гадзінаў давалі вымову, а за 20 – заўвагу. Калі ты атрымаў заўвагу – цябе высяляюць зь інтэрнату. З гэтага году заўвагу даюць ужо за 10 гадзінаў, вымова – за 30! Але што такое 10 гадзінаў - 5 параў? Гэта адзін, толькі адзін, прапушчаны дзень! Больш таго, раней нас засялялі ў інтэрнат на год – цяпер на паўгады. Хлопец запытаўся, ці нельга вярнуць сыстэму з заўвагамі, як было ў мінулым годзе: заўвага за 20 гадзінаў, а не за 5. Рэктар сказаў – давайце вернем. Студэнты адрэагавалі вельмі файна. Усе адчулі ў рэктары свайго чалавека. І што ўсе праблемы нам ствараюць толькі дэканы.

А ці шмат студэнтаў БДТУ не атрымалі інтэрнат?

Тацьцяна
: Канешне шмат! Людзі гатовыя біцца за інтэрнат. Зараз наш дэканат зрабіў увогуле хітрую рэч. Раней старастамі ставілі менскіх студэнтаў, а гэта людзі-пафігісты, яны забівалі на тое, што ім кажа дэканат. Але зараз паставілі старастамі людзей зь інтэрнату. Пры тым такіх, якія без падтрымкі дэканату, не атрымалі б яго. Такім чынам людзі цалкам залежныя і выконваюць усе загады.

Зараз ва ўсіх унівэрсытэтах адміністрацыі ВНУ сустракаюцца са студэнтамі, каб распавесьці пра будучы рэфэрэндум. Ці былі якія заявы ад рэктара на вашай сустрэчы?

Тацьцяна
: Так, рэктар казаў: “Калі вы прыходзіце на датэрміновае галасаваньне перад рэфэрэндумам – у вас будзе выходны ў суботу 16-га. Можна ня ісьці на заняткі і такім чынам паехаць на выходныя дадому.

А што, калі ня пойдзеш на датэрміновае галасаваньне? Што з выходным?

Тацьцяна
: Ён нават не дапускаў такой думкі! Ён казаў як факт: вы ідзедзе галасаваць ЗА зьмены ў Канстытуцыю.  Ён казаў: “Мы выбіраем не Лукашэнку, а галасуем за зьмены ў Канстытуцыі.” Як быццам, гэта не адно і тое ж.

Улады Беларусі зараз робяць найбольшы ўціск на студэнтаў, каб атрымаць іх бюлетэні з галасамі да непасрэднага дня выбараў і рэфэрэндума – 17 кастрычніка. Вядома, што ўночы скрыні з бюлетэнямі нікім не ахоўваюцца. Такім чынам, замяніць бюлетэні ўначы для выбарчых камісіяў вельмі проста. Гэта практыкуецца ў Беларусі ня першы год. Адміністрацыі ВНУ ідуць на любыя хітрыкі, каб прыцягнуць студэнтаў на датэрміновае галасаваньне. Непакорлівасьць студэнтаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2001-м годзе дала свае вынікі для многіх ВНУ. Так, рэктар БДУ Казулін зьняты з пасады без бачных на тое падставаў. Уведзены новы прадмет – “Беларуская дзяржаўная ідэалёгія”. Хочацца верыць, што не дарма беларускія сучасныя ўлады так баяцца студэнтаў, што ціснуць на іх любымі спосабамі. Не падманем жа іх спадзяваньняў! Ідзем галасаваць толькі 17 кастрычніка. І памятайце: гэтыя зьмены ў Канстытуцыю прывядуць да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва Лукашэнкі, з падачы якога ўведзена прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ, студэнтаў прымусова запісваюць у БРСМ, ужо 5 год не пабудавана ніводнага студэнцкага інтэрнату, стыпэндыі па самых простых разьліках не хапае на самыя мінімальныя патрэбы.

<P align=right>Размаўляла Воля Кузьміч

tarka 00:00, 05/10/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4856 seconds.