Сябра Рады ЗБС выключаюць з унівэрсытэта без законных на тое падставаў
Выкладчык БДАТУ Мікалай Зайко ў пачатку верасьня заявіў, што Сяржуку Семянюку здавальняючую адзнаку на іспыце ён не паставіць ні ў якім разе. Сяржук пяць разоў падыходзіў да выкладчыка, але той увогуле адмаўляўся прымаць іспыт. Сяржук напісаў заяву ў дэканат з просьбаю здаваць іспыт камісіі, паколькі лічыць адзнаку неаб’ектыўнай і ўпэўнены ў сваіх ведах. Менавіта для вырашэньня непаразуменьняў між студэнтам і выкладчыкам і існуе ў адукацыйным працэсе такое паняцьце як “здача іспыта на камісіі”. 22 верасьня адбылося паседжаньне катэдры і дэканату, па выніках якога дэканат адмовіў просьбе Сяржука Семянюка. Відавочна, дэканат кіраваўся не прынцыпамі справядлівасьці і законнага права студэнтаў на аб’ектыўную ацэнку ведаў, а звычайным трусьлівым паслухмянствам перад загадамі ўладаў. 22 верасьня дэканат вывесіў сьпісы адлічаных Сяржука Семянюка пакуль сярод іх няма.
Учора, 29 верасьня а 10:00, прадстаўнік спэцслужбаў затэлефанаваў Сяржуку на мабільны, які ўзяў у дэканаце. Ён прадставіўся Вадзімам і сказаў наступнае: “Я ведаю, што ў цябе праблемы з навучаньнем, але я магу іх вырашыць. Давай сустрэнемся”. Сяржук катэгарычна адмовіўся. На тэлефоне Сяржука застаўся нумар, зь якога тэлефанаваў так званы Вадзім - +375 17 667 33 44. Гэты нумар паводле базы дадзеных МГТС належыць будынку па адрасе пр-т Скарыны 17, дзе месьціцца КГБ.
Сяржук Семянюк зьяўлецца вельмі актыўным сябрам ЗБС, займае пасаду Сябра Рады ЗБС і рэгіянальнага каардынатара. Падчас апошняй акцыі Задзіночаньня “Шэсьце бяздомных студэнтаў” ён быў затрыманы яшчэ з дзьвума сябрамі ЗБС.28 верасьня ў судзе яго прызналі вінаватым у парушэньні артыкула №166 АК РБ - супраціўленьне пры затрыманьні, хоць сьведкі падцьвярджаюць, што супраціву з боку Сяржука ня было. На Сяржука накладзены штраф у памеры 7 базавых велічыняў. Спроба спэцслужбаў націснуць на Сяржука праз відавочна незаконнае выключэньне з ВНУ расцэньваецца кіраўніцтвам ЗБС, як спроба ўладаў нанесьці шкоду арганізацыі ў цэлым. Але Рада ЗБС заяўляе, што будзе змагацца за права як сябраў ЗБС, так і ўсіх беларускіх студэнтаў на годнае навучаньне ў ВНУ.
З гэтага году Сяржук Семянюк пачынае навучаньне ў Віленскім педагагічным унівэрсытэце на факультэце беларускай філялёгіі і будзе працягваць актыўную дзейнасьць у межах Задзіночаньня.