Лепшая ілюзія году

У Фларыдзе агучылі пераможцаў Best Illusion of the Year 2010. Лепш за ўсіх у гэтым годзе падмануў зрок прафэсар матэматычных навук Какіці Сугіхара, які паказаў відэа-ролік, у якім па кардонным схілам да аднаго цэнтру коцяцца невялікія драўляныя шарыкі. Загадка ў тым, што шарыкі нібыта магнітам коцяцца да адзінага цэнтру ўверх, замест лягічнага руху ўніз. Як такое магчыма — у відэа-роліку з працай «галоўнага падманшчыка году».

У відэароліку навукоўца паказаў кардонную канструкцыю з чатырох нахіленых дарожак, якія ідуць уніз да аднаго цэнтру. Затым на кожную з дарожак па чарзе кладзецца па драўляным шарыку. Але ўсе яны, быццам пад дзеяньнем магніту бягуць па схілам уверх і разам зьбіраюцца ў цэнтры, ігнаруючы законы гравітацыі.

Насамрэч, разгадка менавіта ў зрокавай ілюзіі. Калі павярнуць камэру, бачна, што ў рэале схілы спускаюцца да адзінага цэнтру, а не паднімаюцца. Такі падман адбываецца з-за таго, што наш мозг імкнецца ўявіць схілы вэртыкальнымі. Цікава, што такая асаблівасьць выпрацоўваецца з узростам, калі мозг спрабуе спрагназаваць карціну згодна з убачанымі на працягу гадоў вобразамі, і такім чынам сам падманвае сябе. А вось дзеці бачаць гэты трук без «чараўніцтва». «Усе сябры маёй маленькай дачкі перапытвалі, а што тут сьмешнага?» — распавядае Какіці.

Конкурс на лепшую зрокавую ілюзію ладзіцца ў Barrow Neurological Institute штогод для прыцягненьня ўвагі да дасьледаваньняў адкрыцьцяў у галіне пазнавальных працэсаў. На конкурс свае працы дасылаюць як навукоўцы, так і мастакі. Умова адна: ілюзіі мусяць быць новымі.

«Ілюзіі сьмешныя, але іх стварэньне дазваляе ня толькі павесяліцца, але й зразумець, як менавіта яны падманваюць наш мозг, калі ён функцыянуе правільна», — кажа яшчэ адзін фіналіст конкурсу Пітэр Цэ.

У мінулым годзе першае месца атрымала ілюзія, якая тлумачыць, чаму ў бэйсболе так складана адбіць падачу закручанага мяча. Падманліва падаецца, што мячык рухаецца па сьпіралі і нават адхіляецца ад траекторыі, што і вымушае гульца рабіць няправільныя рухі. Падрабязьней — у відэа навукоўцаў унівэрсытэту Бакнэла.

Конкурс ладзіцца з 2005 году і паглядзець пераможцаў папярэдніх гадоў можна па спасылцы. Таксама на сайце конкурсу можна пазнаёміцца з ТОР-10 лепшых ілюзіяў 2010 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.