16 траўня прэзэнтацыя кнігі «Маленькія тролі і вялікая паводка»

У нядзелю, 16 траўня, у 16.00 у актавай залі Менскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна (вул. Гікала, 4) адбудзецца прэзэнтацыя перакладу першай з сэрыі кніг Тувэ Янсан пра мумітроляў — «Маленькія тролі і вялікая паводка». Кніга, перакладзеная Настай Лабадой, выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа.

Вядоўца імпрэзы — Анка Упала. Перад публікай выступяць швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, перакладчыцы Наста Лабада і Алеся Башарымава, паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, «Кабарэ Матыльды Штор» ды інш.

Падчас імпрэзы адбудзецца віктарына з падарункамі для дзяцей. Акрамя таго, ахвочым дзеткам мастак намалюе мумігерояў на паветраных шарыках. На прэзэнтацыі можна будзе набыць Кніжку-Са-Зьніжкай. І апроч усяго, там будуць экспанавацца малюнкі аматараў мумітроляў з Расеі і Беларусі.

Тувэ Янсан — сусьветна вядомая швэдзкамоўная пісьменьніца і мастачка зь Фінляндыі, аўтарка шэрагу кніг для дзяцей і дарослых, сярод якіх — аповесьці «Шчыры падман», «Дачка скульптара», раман «Горад сонца» і многія іншыя. Але знакамітай яна зрабілася перадусім дзякуючы кнігам пра мумітроляў, якія сама ж ілюстравала. На сёньняшні дзень мумітролі — ледзь не нацыянальны гонар Фінляндыі: ім прысьвечаны нацыянальны муміпарк, выявы гэтых абаяльных герояў можна знайсьці дзе заўгодна — нават на віншавальных паштоўках.

15:10, 01/05/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.