Пераможца «Залатой літары» Андрэй Федарэнка: «Сучаснай літаратурнай моладзі найперш не хапае начытанасьці»

Андрэя Федарэнку, ляўрэата сёлетняй прэміі «Залатая літара» за зборнік «Нічые», чытаюць ва ўнівэрсытэтах і школках. Празаік-рэаліст, з пакаленьня Дранько-Майсюка, Анатоля Сыса і Адама Глёбуса, напісаў кніжку пра Слуцкі збройны чын, літаратурнанае таварыства «Тутэйшыя» і лёс беларускай вёскі.


Андрэй Федарэнка. Фота Радыё Свабода

Што адчувалі і думалі, спадар Андрэй, калі Вас «Залатой літарай» узнагародзілі?

Я ляжаў у бальніцы, калі даведаўся аб гэтым, таму мне было прыемней удвая — гэткая тэрапія… Яшчэ раней крыху сачыў за галасаваньнем, быў у самым хвасьце, і тое, што мяне ўзнагародзілі, сталася поўнай нечаканасьцю. Асабліва хачу падзякаваць ініцыятару акцыі Адаму Глёбусу. На яго шмат сыплецца папрокаў, што мала памагае беларушчыне; ён жа спакойна, ні на што не зважаючы, робіць карысную справу.

А каму б Вы маглі даць гэтую прэмію?

Галасаваў бы за «Нічые», нават калі б не зьяўляўся аўтарам, чыста аб’ектыўна.

Залатая Літара — штогадовая суб'ектыўная літаратурная прэмія, якая ўручаецца пісьменнікам Адамам Глёбусам за лепшую паэтычную альбо празаічную кнігу мінулага году. Уручаецца з 2004 года. Камэрнае мерапрыемства зазвычай адбываецца ў сакавіку і праводзіцца ў маленькіх кавярнях Менску. У розныя гады ляўрэатамі прэміі былі Уладзімер Арлоў, Севярын Квяткоўскі, Аксана Бязьлепкіна і Сяргей Харэўскі.

Чытала «Рэвізію» і ўражвалася: сустрэча зь Ведрычам, у якім пазнаеш Анатоля Сыса! «Тутэйшыя»! Але наколькі аўтабіяграфічныя вашыя творы?

Самае сьмешнае, што такіх рэплікаў і паводзінаў Сыса, якія апісаны ў рамане, ніколі не было ў жыцьці. Але, сыходзячы з характару прататыпу, яны маглі б быць. Адсюль заместа Сыса ўзьнік Ведрыч. У такім ключы ўся мая гэтак званая «аўтабіяграфічнасьць»: не было, але магло б быць.

Чым пакаленьне «Тутэйшых» адрозьніваецца ад сучасных маладых літаратараў?

«Тутэйшыя» сталі буфэрам, ці лепш сказаць — мостам паміж «старымі» і «новымі». У наш час не было ні кампутарызацыі, ні мабілізацыі (у сэнсе тэлефонаў), карацей, усіх зьнешніх атрыбутаў. Гэта адзіная розьніца нашых дэбютаў ад дэбютаў сучасных маладых пісьменьнікаў.

Рэдактар аддзелу прозы «Маладосьці», вы працуеце з моладзьдзю і сьцьвярджаеце, што моцна ўпаў узровень якасьці твораў. Як разьвіваць у сабе пісьменьніка? Чаго не стае маладым творцам?

Я неаднойчы казаў, што сучаснай літаратурнай моладзі найперш не хапае начытанасьці. Клясыку яны ці то лянуюцца чытаць, ці пагарджаюць ёю, чытаюць у лепшым выпадку такіх, як самі; адсюль нейкая суцэльная аднолькавасьць твораў, нібы ўсе яны пісаліся адным чалавекам.

Вы пішаце даволі аб’ёмныя рэчы. Сёньня ж можна пачуць пра крызыс такога жанру, як раман.

Лепш сказаць — не пішу, а пісаў. Да 2002 года прыкладна. Пасьля ўубачыў, што крызыс жанру сапраўды існуе. Нядаўні раман-эсэ «Мяжа» — гэта ўжо не клясычны раман, а нанізаныя адна на адну кароценькія навэлкі.

Пра Вас можна пачуць: «Федарэнка — амаль жывы клясык». А што Вы пра гэта думаеце?

Таксама можна пачуць, што «Федарэнка — жывы графаман». Я проста пішу, пакуль ёсьць ахвота пісаць. Мне самае важнае, каб «картинка ожила». Пішу, напрыклад, абзац, заплюшчваю вочы і калі ня бачу эпізоду з усімі дэталямі, з драбнюткімі падрабязнасьцямі, або выкрэсьліваю яго, або перапісваю.

А навошта ўвогуле патрэбная літаратура?

Шчыра скажу, ня ведаю. Ведаю толькі, што калі знаходзіцца галава, якая нешта прыдумае, дык абавязкова знойдзецца і такая, што на гэта адгукнецца.

Нейк Вы стварылі дзёньнік у livejournal, але — нічога туды ня пішаце. Сёньня ж блогі — папулярная чытанка, з дапамогай якой можна рэалізоўвацца як пісьменьнік і піярыць сябе.

Напачатку я пісаў у сваё ЖЖ, і досыць актыўна, але не атрымліваў ніякіх камэнтароў. Так паступова і расчараваўся. Але стужку сяброў чытаю больш-менш рэгулярна.

Якую кніжку Вы цяпер чытаеце?

Гогаля, Набокава і Зошчанку.

А акрамя пісьменьніка і рэдактара ў «Маладосьці», кім яшчэ зьяўляецца Андрэй Федарэнка?

Рыбаком, грыбніком; люблю свой японскі скутэр, зручны і безадказны ў любых умовах.

Пра што марыце, чаго жадаеце ад жыцьця?

Даўжэй пражыць і паглядзець, чым усё скончыцца.

Андрэй Федарэнка — беларускі празаік, нарадзіўся 17 студзеня 1964 г. у Бярозаўцы Мазырскага раёну. Скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум, бібліятэчны факультэт Менскага інстытуту культуры (1985 - 1990). Працаваў муляром, на чыгунцы, старэйшым біліятэкарам, карэктарам , загадчыкам аддзелу навукі і мастацтва часопісу "Полымя", на кінастудыі "Беларусьфільм". З 2005 года - загадчык аддзелу прозы ў часопісе "Маладосць".

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.