"Саўрыменны біларускі езык ў карцінках"
С.Б.Е.Ў.К.: прэс-рэліз // 2004.09.16
Зьявіўся новы, кардынальна адрозны ад папярэдніх мэтад вывучэньня такога прадмету як мова.
На гэты раз радыя табе паведаміць, што 16 верасьня па адрасе www.zedlik.com/sbieuk/ стаў даступны збор правілаў для вывучэньня дысцыпліны, якая грае надзвычай важную ролю ў зносінах паміж людзьмі, — мовы. Пакуль Вячорка і кампанія карпеюць над распрацоўкай правапісу, альтэрнатыўнымі лінґвістамі быў створаны і апрабаваны на практыцы новы мэтад удасканаленьня ўласнай моўнай сыстэмы. Згодна зь ім, вывучэньне прадмету адбываецца паралельна з замацаваньнем на практыцы. Як сьцьвярджаюць ня так даўно праведзеныя тэсты, такі падыход значна эфэктыўнейшы за зубараньне незразумелых правілаў і вывучэньне ўсёй гэтай філяляґічнай тэрміналёґіі, якая ня мае абсалютна ніякага значэньня ў стасунках паміж людзьмі. Сапраўды, навошта сталяру Міхалычу ведаць, якія дзеясловы адносяцца да другога спражэньня, калі ён нутром чуе, як сказаць або нават напісаць тое ці іншае слова? Сучасная мова — тонкая і даволі дасканалая сыстэма, таму перанасычэньне яе навуковымі тэрмінамі можа зрабіць дрэннае ўражаньне на шараговых спажыўцоў.
Падчас навучаньня па прапанаванай сыстэме ўзровень складанасьці павышаецца павольна і, часам, амаль не заўважальны паміж суседнімі заняткамі, але тым ня менш, у ім прыведзеныя ўсе этапы — ад light да hardcore, а паэтапнае навучаньне, згодна тэстаў, праведзеных на жывёлах, значна лепей успрымаецца мозґам і мае больш працяглы тэрмін да поўнага ягонага выветрываньня з галавы.
Ужо створаная дастаткова вялікая група па ажыцьцяўленьні ўкараненьня новай адукацыйнай сыстэмы ў жыцьцё. Навучаньне адбываецца ў бэкґраўндзе, на тле рэальных аб'ектаў, што стварае сапраўдную еднасьць мовы і духоўнага сьвету чалавека. Робячыся часткай біяляґічнага існаваньня, вынікі адукацыйнага працэсу трывала замацоўваюцца ў сумленьні, таму іх нязмушанае ўжываньне можа зьмяніць маральны стан чалавека ў лепшы бок.
Канешне, аўтары разумеюць, што прыведзены праект ахоплівае толькі адзін разьдзел правілаў — артаґрафію, але ўсё ж такі мы радыя табе паведаміць, што праца вядзецца і над іншымі разьдзеламі — марфалёґіяй, сынтаксысам і пунктуацыяй.
Шчыра спадзяемся, што прыведзены збор дапаможа табе зьмяніць сваё стаўленьне да філялёґіі як да нецікавай і сухой дысцыпліны і удасканаліць свае веды ў невымерна важнай галіне навукі — мове.
Не твая,
рэдакцыя праекту «Драўляны зэдлік»
www.zedlik.com