«Беларусьфільм» пачаў працу над стужкай пра разьмеркаваньне

Новы блёкбастар ад «Беларусьфільму» «Дотык» закліканы прадэманстраваць маладому пакаленьню плюсы прымусовага разьмеркаваньня. Галоўны мэсыдж фільму — разьмеркаваньне — «гэта ня так і страшна», бо нават на вёсцы ёсьць жыцьцё.


У вёсцы «таксама вельмі цікавыя людзі», таму разьмеркаваньне - гэта «ня так і страшна», — кажуць стваральнікі «Дотыку». Фота Юра Сідун

«Дотык» — рамантычная камэдыя аб выпускніцы каледжу, якую прымушаюць адправіцца у вёску па разьмеркаваньні. Назва фільму сымбалізуе, па словах яго стваральнікаў, сутыкненьне гарадзкога жыхара зь вясковым жыцьцём:

«Маладых спэцыялістаў, нават менчукоў, адпраўляюць у розныя далёкія месцы супраць іх волі нават. Мы хочам паказаць, што гэта ня так і страшна, там таксама вельмі цікавыя людзі і, магчыма, менавіта там ёсьць тое, што больш нідзе ня знойдзеш», — пракамэнтавала сюжэт карціны яго рэдактарка Марыя Савельева.

Рэжысёрам фільму стаў Віталі Дудзін, на рахунку якога значыцца драма «Кадэт», стужкі «Іван», «Тры жанчыны і мужчына», «Матрос» і іншыя.

Фільм распавядае гісторыю выпускніцы гандлёвага каледжу Каці, якая «ігнаруе разьмеркаваньне», але мільёнаў для аплаты адукацыі ня мае, таму выпраўляецца па разьмеркаваньні ў вёску. Яна ўладкоўваецца на працу ў аўталаўку, адсюль і першая назва фільма — «Аўталаўка». Аднак такі назоў у лепшых традыцыях савецкіх прапагандысцкіх карцін прыйшоўся не даспадобы рэдактарам: «палічылі, што кіраўніцтву можа не спадабацца», — распавёў «Еўрарадыё» аўтар ідэі фільма Зьміцер Якутовіч.

У гэтай самай аўтаўлаўцы і ўспыхвае бурны раман паміж галоўнай гераіняй і простым кіроўцам прыстасаваньня для перавозкі прадуктаў Пятровічам. Спачатку ў іх нічога ня клеіцца, Каця (у парушэньні заканадаўства, дарэчы) вяртаецца ў Менск, а Пятровіч ідзе на падвышэньне і становіцца дальнабойшчыкам.

Але гісторыя сканчаецца хэпі-эндам: героі разумеюць, што жыць ня могуць адзін без аднаго і без сваёй аўталаўкі, натуральна.

Як перадае «Минск-Новости», здымкі стужкі распачнуцца ў траўні-чэрвені, а ўжо ў студзені мэтавая аўдыторыі — студэнты бясплатных аддзяленьняў ВНУ — атрымаюць магчымасьць даведацца ўсю праўду пра разьмеркаваньне ў вэрсіі «Беларусьфільму».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.