Менгарвыканкам хоча пераназваць мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошчу Незалежнасьці»

Чыноўнікі прапануюць вярнуць станцыі «Плошча Леніна» назоў «Плошча Незалежнасьці», а менскім вуліцам Герцэна, Рэвалюцыйнай, Дзімітрава іх гістарычныя назовы. Прапанова мусіць быць разгледжаная дэпутатамі Менгарсавету, пасьля чаго пройдзе экспэртызу ў Міністэрстве юстыцыі.


Як паведамляе сайт Менгарвыканкаму са спасылкай на «Мінск-Навіны», камісія па найменаваньнях, перанайменаваньнях плошчаў, вуліц, праспэктаў і іншых складальных частак Менску прапанавала вярнуць некалькім цэнтральным вуліцам сталіцы іх гістарычныя назовы.

Так, вуліца Герцэна стане называцца Бэрнардынскай, Рэвалюцыйная — Койданаўскай, Дзімітрава — Пятніцкай, Віцебская — Няміга-Ракаўскай. Камунальнай набярэжнай прапанавалі вярнуць стары назоў Траецкай.

Робіцца чарговая спроба скончыць доўгую гісторыю з назовам станцыі мэтро ў раёне плошчы Незалежнасьці, якую ад пачатку плянавалася назваць «Вакзальнай», але рашэньнем камуністычных уладаў яна атрымала назоў «Леніна». У часы незалежнасьці яе сталі называць «Плошчай Незалежнасьці», аднак шыльду на плятформе з назовам станцыі так і не замянілі («не хапіла грошай»). З 2008 г. станцыю зноў называюць «Плошча Леніна».

Усе прапановы камісіі мусяць быць зацьверджаныя на паседжаньні Менгарвыканкаму і Менскага савету дэпутатаў, пасьля чаго яны адправяцца ў Міністэрства юстыцыі на юрыдычную экспэртызу. Раней ня ўсе прапановы камісіі зацьвярджаліся на вышэйшым узроўні.

Сярод іншых перайменаваньняў варта адзначыць новае найменьне раней безназоўнага сквэру ля аўтавакзалу «Ўсходні», які, магчыма, атрымае назоў у гонар Амара Хаяма. Вялікі пэрсыдзкі паэт, напэўна, упадабаў бы гэты факт.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3232 seconds.