6 тысяч віцебскіх студэнтаў адпраўляюць “на бульбу” насуперак ранейшым абяцаньням

Каля 6 тысяч віцебскіх студэнтаў Аблвыканкам пасылае “на бульбу”, хаця раней намесьнік міністра адукацыі сьцьвярджаў, што масавых студэнцкіх выездаў у калгасы сёлета ня будзе.

З трэцяга верасьня тутэйшыя студэнты ВНУ, а таксама навучэнцы прафэсійна-тэхнічных навучальных установаў накіруюцца ў калгасы ды саўгасы Віцебшчыны. Гэтак вырашыла кіраўніцтва аблвыканкаму, стварыўшы нават адмысловы “штаб” дзеля каардынацыі студэнцкае сельскагаспадарчае працы на чале з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Пятром Южыкам.

Загад кіраўніцтва вобласьці пра далучэньне да “бітвы за ураджай” студэнцкага “атраду” быў цалкам нечаканы: колькі дзён таму на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра адукацыі Беларусі запэўніваў усіх прысутных, што студэнцкую ды вучнёўскую моладзь у калгасы ды саўгасы сёлета накіроўваць ня будуць. Бо няма адпаведнага запыту з боку міністэрства сельскае гаспадаркі, які да усяго мусіць быць яшчэ падмацаваны асобнай пастановаю Савета Міністраў.

У Віцебску ж вырашылі ніякіх запытаў ды іншых распараджэньняў не чакаць. І адзінае, што аблвыканкам паабяцаў студэнтам напярэдадні ад’езду на прымусовыя сельскагаспадарчыя работы, – гэта не працягваць «прыгон» па сканчэньні месячнага тэрміну. З тае самае прычыны ўсім гаспадаркам загадана выкарыстоўваць студэнцкую дапамогу як мага больш эфэктыўна. Інакш кажучы, карыстаць бясплатную студэнцкую працу напоўніцу.

00:00, 01/09/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0457 seconds.