У Менску пройдуць бясплатныя паказы польскіх, украінскіх і нямецкіх фільмаў

У сакавіку-траўні пройдуць бясплатныя паказы польскіх, украінскіх і нямецкіх фільмаў у межах кінаклюбу «Кадр», арганізаваныя Інстытутам Гётэ, Культурніцка-інфармацыйным цэнтрам пры амбасадзе Ўкраіны і Польскім Інстытутам. У праграме заплянавана 5 стужак розных гадоў: ад 60-х і па сёньня, адзначаных прэстыжнымі ўзнагародамі.

18 сакавіка | Выпадак (Przypadek)

  • Рэжысэр: Кшыштаф Кеслеўскі, Польшча, 1987
  • У ролях: Багуслаў Лінда, Тадэвуш Ламніцкі, Зьбігнеў Запасевіч, Ежы Штур
  • Малады чалавек Вітэк спрабуе знайсьці сябе — то заключае дамову са службамі бясьпекі, то ўліваецца ў студэнцкі рух, то пагружаецца ў рэлігію. Сымбылем яго кіданьняў становіцца цягнік, на які ён увесь час спазьняецца. На гэтую канву накладваюцца ягоныя пошукі каханьня. Ён безвынікова шукае сваё каханьне і сам не заўважае, як здраджвае сваім любімым жанчынам.
  • Узнагароды: Прыз «Срэбны Леў» і «Лепшы актор» для Багуслава Лінды на Нацыянальным Польскім кінафэстывалі ў 1987 годзе.

8 красавіка | Цені забытых продкаў

  • Рэжысэр: Сяргей Параджанаў, Украіна, 1964
  • У ролях: Іван Мікалайчук, Ларыса Кадачнікава, Тацяна Бястаева, Леанід Енгібараў і інш.
  • Каханьне гуцульскіх Рамэа і Джульеты. Многія гады варагуюць два гуцульскіх рады. Сярод азлобленасьці і помсты зараджаецца чыстае, сьветлае каханьне маладых галінак гэтых радоў — Івана і Марычкі. Іван вымушаны быў пайсьці на заробкі, у гэты час Марычка гіне ў рачной бездані. Іван спрабуе забыць каханую, але нічога не выходзіць. Не дапамагае і жаніцьба на прыгожай Палагне. І толькі ў перадсьмяротнай трызьне Іван зноў знаходзіць сваё шчасьце.
  • Прэмія Брытанскай кінаакадэміі ў 1966 годзе. Кубак на фэстывалі ў Рыме ў 1965 годзе. «Залаты мэдаль» на міжнародным кінафэстывалі ў Салоніках у 1966 годзе. Спэцыяльная прэмія журы на кінафэстывалі ў Кіеве ў 1966 годзе.

22 красавіка | Фаня

  • Рэжысэр: Уладзімір Піскуновіч, Беларусь-Германія, 2009–2010
  • У ролях: Яўгенія Эльман, Максім Шынкарук, Аляксандр Ільін, Аксана Лясная, Алеся Корзун і інш.
  • 1939 год, Заходняя Беларусь. Маладая дзяўчына сустракае сваё каханьне — маладога афіцэра польскай арміі. Яна без аглядкі аддаецца новаму пачуцьцю. Але адрынуты залётнік-кантрабандыст наносіць удар цішком, малады афіцэр паранены. Кантрабандыст злоўлены і пасаджаны ў турму, справы паціху йдуць на лад, але ваенная сытуацыя зьмяняе палітычны рэжым у краіне, рэзка мяняючы жыцьці ўдзельнікаў гісторыі.
  • Прэм’ера поўнай вэрсіі фільма. Кароткая вэрсія атрымала першую прэмію Трэцяга міжнароднага конкурсу кароткамэтражных фільмаў «Перасячэньне межаў» ў Бэрліне (2009). Фільм дэманструецца на рускай мове.

6 траўня | Кінааматар (Amator)

  • Рэжысэр і сцэнарыст: Кшыштаф Кеслеўскі, Польшча, 1979
  • У ролях: Ежы Штур, Малгажата Замбкоўска, Эва Паказ, Ежы Новак, Кшыштаф Занусьсі.
  • Філіп купляе аматарскую камэру, каб здымаць на стужку сваю маленькую дачку. Дырэктар завода, на якім ён працуе, прапануе зьняць фільм, прысьвечаны юбілею прадпрыемства. Нечакана праца Філіпа атрымлівае ўзнагароду на кінафэстывалі. Філіп адкрывае клюб кінааматараў, прысьвячаючы яму ўвесь вольны час, забыўшыся на сям’ю і дом. Здымае крытычны фільм пра горад і карліка рабочага. Яго камэра ўлоўлівае ўсё тое адмоўнае, што зьвязана з супярэчнасьцямі паміж гарадзкой уладай і рэальным жыцьцём простых людзей.
  • Ежы Штур — «Залатыя Гданьскія Ільвы» ўзнагарода VI ФПХФ за лепшую мужчынскую ролю (Гданьск 1979 года). Залаты мэдаль і ўзнагарода FIPRESSI ХI МКФ (Масква 1979). Узнагарода міжнароднага пратэстанцкага журы ХХХ МКФ (Заходні Бэрлін 1980).

20 траўня | Вавілон ХХ

  • Рэжысэр: Іван Мікалайчук, Украіна, 1979
  • У ролях: Іван Мікалайчук, Любоў Палішчук, Лесь Сярдзюк, Яраслаў Гаўрылюк, Таісія Літвіненка, Барыслаў Брандукоў і інш.
  • Новае, пасьлярэвалюцыйнае жыцьцё ўваходзіць ва ўсталяваны патрыярхальны побыт ўкраінскай вёскі Вавілон. Жыхары стаяць паміж выбарам — стаць на бок камуны, утворанай у былой барскай сядзібе або падтрымаць кулакоў, узяўшы ў рукі зброю. У гэтым супрацьстаяньні гіне сельскі філёзаф Фабіян, які спрабаваў сілай перакананьня прадухіліць братазабойства. Ён кінуўся на дапамогу трапіўшым у рукі паўстанцаў камунарам і быў забіты куляй, прызначанай для стаяўшай побач зь ім Мальвы. Рамантычная прытча па матывах рамана Васіля Земляка «Лебядзіная зграя».

Канфэрэнц-заля Інстытута імя Гётэ ў Менску (вул. В. Харужай 25 / 3, 4 паверх)
Пачатак а 19:00. Уваход вольны. Фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі тытрамі.

Тэлефоны для даведак 237 71 19, 237 71 26. Праезд тралейбусамі № 12, 22, аўтобусамі № 29, 38, 44, 59 да прыпынку «Вуліца Багдановіча», тралейбусамі № 37, 40, 46, 53, аўтобусамі № 19, 25, 59, 38, 91 да прыпынку «Вуліца Веры Харужай», на скрыжаваньні вуліц Веры Харужай і Старавіленскай, бізнэс-цэнтар «Тэрмінал».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0046 seconds.