ПРЫВАТНАЕ РАССЬЛЕДАВАНЬНЕ: Чаму адмянілі канцэрт у падтрымку Беларускага ліцэю

27 жніўня плянаваўся канцэрт-прэзэнтацыя дыску "Я люблю ліцэй: Веру ў Цябе" з адмысловай музычнай шоў-праграмай "Партызанская школа". Гэта была ўжо другая спроба правесьці імпрэзу. 14 траўня клюб рэактар, не паведаміўшы канкрэтных прычынаў зьняў канцэрт з праграмы за 3 дні да правядзеньня.

Сёлета ўсё атрымалася нашмат брутальней. Папярэдняя рэкляма не выклікала ніякіх падозраньняў, ды й назва канцэрту была максымальна бяскрыўдная ды не ўтрымлівала слова "ліцэй". Аднак гэта не перашкодзіла за 4 гадзіны да заплянаванага пачатку забарыкадаваць уваход у клюб.

27 жніўня а 14 гадзіне дырэкцыя клюба дала загад выносіць на вуліцу абсталяваньне пад канцэрт, барабанную ўстаноўку, якую згадзіўся пазычыць Алесь Дземідовіч. На ўваходзе паставаілі ахоўніка, каб той усім паведамляў без аніякіх прычынаў, што канцэрту ніякага ня будзе. Ёсьць некалькі гіпотэзаў, якія даведаліся ад супрацоўнікаў клюбу "Бліндаж":

1) Зраніцы завіталі ў клюб з Упраўленьня культуры Фрунзэнскага раёну й запыталіся "што гэта за канцэрт і ён у праграме ня мусіць быць. Інакш у вас могуць праблемы". На гэта супрацоўнік "Бліндажу" адправіўся высьвятляць падрабязнасьці да Упраўленьня, дзе яму ветліва адмовілі даваць тлумачэньні.

2) Аднаму з арганізатараў канцэрту, зь якім дамаўлялася наконт непасрэднага правядзеньня патэлефанавалі а 12 гадзіне з КДБ, не называючы прозьвішча, і запыталі, ці можна распавесьці пра "ліцэй", які будзе выступаць. На завяршэньне сказалі: "думайце й вырашайце". Клюб безапэляцыйна зьняў канцэрт з праграмы.

Ніякай юрыдычнай падставы здымаць канцэрт не было, як і нельга даказаць юрыдычна віну чыноўнікаў, якія быццам бы "аказвалі ціск". Адмена канцэрту ляжыць на сумленьні супрацоўнікаў "Бліндажу", якія апошнімі прагнуліся й сарваліся.

Але ліцэісты ля клюбу сабраліся так, як і плянавалася. І невялічкую акцыю пратэсту ўсё ж правялі. Музыкамі былі ліцэйскія выкладнікі Андрэй Хадановіч і Аляксей Крукоўскі, якія пацешылі публіку кавэрамі на найвядомейшыя суьветныя гіты і бардаўскія здабыткі. Не спыніў імпрэзу нават моцны дождж, ад якога прыходзілася дзясяткам гледачоў хавацца пад парасонамі ля плоту па вуліцы Ціміразева, дзе й месьціўся злашчасны клюб.

Між тым, канцэрт плянуецца правесьці, праўда, у іншых, яшчэ больш падпольных умовах і падпольным месцы, дзе дух падпольля будзе адпавядаць месцу дысьлякацыі. Таксама ліцэісты запісваюць 2 новыя кліпы на свае песьні й рыхтуюць трэці дыск

­­Франак Вячорка

00:00, 31/08/2004 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0802 seconds.