За адлічаную студэнтку заступіліся палітолягі і швэды

Другакурсьніца Тацяна Шапуцька, адлічаная з БДУ з-за ўдзелу ў форуме грамадзянскай супольнасьці краін Усходняга Партнэрства, стала аб’ектам рознагалосьсяў паміж ЭЗ і беларускімі афіцыйнымі асобамі. З адкрытым лістом у падтрымку адлічанай студэнткі юрфаку выступілі яго былыя выпускнікі, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці і швэдзкія праваабаронцы.


Фота Радыё Свабода

У адкрытым лісьце выпускнікоў БДУ, падпісаным, сярод іншых, Юрыем Чавусавым, Алесем Міхалевічам і Андрэем Казакевічам, адзначаецца, што «ініцыятары адлічэньня Тацяны не хаваюць, што падставай для такіх жорсткіх адміністратыўных захадаў стала яе грамадзкая дзейнасьць, а менавіта ўдзел у першым Форуме грамадзянскай супольнасьці «Усходняга Партнэрства».

Афіцыйная фармулёўка падставы для адлічэньня — "за парушэньні Правілаў унутранага распарадку".

Лісты ў падтрымку Тацяны ўжо пісалі ўдзельнікі беларускай дэлегацыі Форуму грамадзянскай супольнасьці «Усходняе партнэрства», а нядаўна за беларускую студэнтку заступілася швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppens. Гісторыю беларускай студэнткі ўжо падхапілі балтыйскія СМІ.

У Беларусі асоба Тацяны патрапіла ў фокус ня толькі недзяржаўных структур, але і афіцыйных СМІ і прафсаюзаў: Леанід Козік быў вымушаны тлумачыць, чаму ён ня выйшаў на вуліцу дзеля абароны студэнткі, што абяцаў надоечы, а БТ прысьвяціла 10-хвілінны сюжэт справе Тацяны. Апошняе здарылася, бадай, упершыню — адлічаныя па палітычных матывах студэнты раней не траплялі пад такі пільны і апэратыўны позірк афіцыйнага тэлебачаньня.

На нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-чальцоў Усходняга Партнэрства міністра Мартынава прымусілі тлумачыць абставіны адлічэньня Тацяны.

Прычынай адлічэньня стала «колькасьць пропускаў», — заявіў тады кіраўнік беларускага МЗС.

На што другакурсьніца, зрэшты, адрэагавала адкрыта: «Спадар Мартынаў казаў звычайную хлусню ці наўмысна, ці таму што ў яго кепскія інфарматары».

Цяпер паплечнікі і сакурсьнікі Тацяны Шапуцькі зьбіраюць лісты ў яе падтрымку, а былая студэнтка юрыдычнага зьбіраецца падаваць у суд на былы alma mater.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0877 seconds.