5 сьнежня штогадовы літаратурна-мастацкі праект «Выявы-2009: Дыялёг зорак»

Сёлета «Выявы» пройдуць з удзелам болей 20-ці таленавітых творцаў, сярод якіх — маладыя пісьменьнікі, музыканты, мастакі, фатографы, дызайнэры, рэжысёры і іншыя прадстаўнікі сучаснай культуры. Імпрэза пройдзе ў залі Тэатру рускага рамансу.

 

Штогадовы некамэрцыйны літаратурна-мастацкі праект «Выявы» зьяўляецца ініцыятывай наймаладзейшага пакаленьня беларускіх літаратараў. Першае мерапрыемства было пасьпяхова праведзена 6 сьнежня 2008 года. Сёлета ў падрыхтоўцы «Выяваў» задзейнічана болей за дваццаць (!) творцаў.

Ідэя праекта «Выявы-2009» палягае ў выступах-дыялёгах. Прычым аўтары зьвяртаюцца да сынтэзу розных відаў мастацтва. Разам на адной сцэне, у супольным творчым дзеяньні можна будзе пабачыць Людмілу Рублеўскую і Вераніку Шніп, Віктара Жыбуля і Джэці, Анатоля Івашчанку і Ўсевалада Сьцебураку, Алёну Беланожку і Маргарыту Аляшкевіч… Барды Ната Пушкарова і Паша Кузіч упершыню прадставяць сумесную песьню.

Да выступленьня Уладзімера Арлова і Андрэя Хадановіча прымеркаваны паказ эксклюзіўнай сумеснай фотасэсіі вядомых пісьменьнікаў, што была праведзена двума маладымі таленавітымі фатографамі.

«Выявы-2009» запомняцца адмысловымі рубрыкамі. Спэцыяльны госьць, знаны блюзмэн Юры Несьцярэнка выканае свае лепшыя кампазыцыі. Удзельніца на біс Ганна Федарук прадставіць нумар, у якім спалучыліся паэзія, музыка і ўсходні танец. Дэбютантка «Выяваў», паэтка і фотамастак Ірына Агеева, прэзэнтуе так званую «мабільную фотавыставу».

Зь «віртуальнымі» удзельнікамі «Выяваў» — мастаком Аляксеем Раўскім (Беларусь — Францыя) і рэжысёрам Джонатанам Дрысколам (Канада) можна будзе пазнаёміцца дзякуючы іх творам, пра якія раскажуць вядучыя Юлія Новік і Віка Трэнас.

Да ўсяго, кожны наведнік атрымае ў падарунак самвыдатаўскую электронную кнігу беларускіх коміксаў, аб’яднаных пацешным літаратурным пэрсанажам — Блакітным Сьвінам. Кружэлка будзе запісаная адмыслова для праекту «Выявы-2009: Дыялог зорак».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0729 seconds.