Студэнты сталі залежнымі ад мабілак
Telecoms Korea распавядае пра вынікі дасьледаваньня, праведзенага лякарняй Нацыянальнага Ўнівэрсытэта Сеула. 21% з 270 апытаных студэнтаў прызналіся, што яны адчуваюць дыскамфорт, калі пад рукой няма іх мабільнага тэлефона, а 8% зь іх без свайго тэлефона ўвогуле адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы. Студэнты выкарыстоўваюць тэлефон настолькі часта, што 10% рэспандэнтаў нават адзначылі, што пры дасыланьні SMS ці падчас гульні адчуваюць боль у руцэ. Такі боль лекары апісваюць як сындром паўторных дзеяньняў: у выніку манатонных доўгіх дзеяньняў у руцэ парушаецца крываток і ўзьнікае боль і непрыемныя адчуваньні.
31% апытаных студэнтаў распавялі, што ў дзень дасылаюць больш за 30 тэкставых паведамленьняў. Дактары лякарні, у якой праводзілася дасьледаваньне, папярэджваюць, што залежнасьць ад мабільных тэлефонаў, як і Інтэрнэт-залежнасьць, зьяўляецца прычынай узьнікненьня дэпрэсіяў і парушэньняў сну.