Гуляем у баскетбол!
8 ліпеня ў чацьвер адбылася першая гульня ў баскетбол наведвальнікаў сайту studenty.by. Ідэя праводзіць рэгулярныя гульні ўзьнікла на форуме ў топіку “Гуляем у баскетбол!”. Удзельнічалі наступныя чэмпіёны: tarka, @ptymist, mix, mara, valerka, jurkas, studentka, morfius, loksa ды іншыя.
Летні час - школьныя вакацыі - дапамаглі нам у выбары вольнага стадыёну. Самым цяжкім было падзяліцца на каманды. Усе хацелі ўзяць у сваю каманду хаця б адну з трох прыгожых дзяўчынаў. Але дзяўчаты кінулі выклік хлопцам. Трымаць гонар дзявочай зборнай далучыўся таксама valerka. Гульня атрымалася выдатная! Ня ўсе сачылі за лікам, а проста атрымлівалі асалоду ад прыемнай гульні, вясёлай каманды ды проста добрага настрою. Рабілі два перапынкі. Ля стадыёну нават сабраліся гледачы. Адсутнасьць адпаведнай формы ў некаторых гульцоў ніяк не замінала добраму ходу гульні.
Спынілася гульня толькі з заходам сонца. Цяжка гуляць, калі разумееш, дзе мячык, толькі інтуітыўна: дзе людзі - там і мячык.
Пасьля гульні, безумоўна, нас чакала сяброўская вечарына. Абмылі перамогі, траўмы, адпачылі.
Гульні будуць праводзіцца шточацьвер а 19-й гадзіне на стадыёне непадалёк Інстытута культуры. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе неабыякавыя! Хто забыўся на правілы - дапаможам узгадаць. Нашыя гульні адрозьніваюцца сяброўскай атмасфэрай, азартам, весялосьцю і адкрытасьцю да ўсіх.
Наконт наступных гульняў зьвяртайцеся ў топік на сайце альбо тэлефануйце на мабільны 8 029 653 05 95.
Воля Кузьміч