Конкурс на лепшы прынт па тэме «Цішоткі вольных беларусаў»

Што мы ведаем пра свабоду, якой яе ўяўляем і хочам бачыць у Беларусі? Прапануем творча адказаць на гэтае пытаньне ў выглядзе дызайнэрскага прынта. Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя ўзнагароды, а ўсе ўдзельнікі — цішоткі з найлепшымі прынтамі.

 

Калі Вы час ад часу забаўляецеся ў фоташопе ці корале, альбо творча зьдзекуецеся з фотаздымкаў сяброў, альбо зьяўляецеся сапраўдным патрыётам і ад усяго сэрца жадаеце, каб Беларусь была вольнай, альбо Вы малады ці дасьведчаны дызайнэр, які хоча зарабіць грошай — удзельнічайце ў конкурсе, прапаноўвайце свае варыянты «Цішоткі вольнага беларуса».

Толькі памятайце — Ваш прынт павінен стаць сапраўдным адлюстраваньнем вольнасьці і здаровага патрыятызму маладых беларусаў.

Да 29 лістапада на паштовую скрыню tishotka@tut.by мы прымаем распрацаваныя Вамі варыянты малюнкаў (прынтоў), лепшыя зь якіх знойдуць увасабленьне на цішотках.

Усе конкурсныя працы будуць зьмешчаны на афіцыйным сайце кампаніі: tishotka.blog.tut.by.

Пераможцы конкурсу «Цішоткі вольных беларусаў» атрымаюць грашовыя ўзнагароджаньні за першае, другое і трэцяе месца ў памеры 400, 300 і 200 тыс. бел. рублёў адпаведна.

Плянуецца, што лепшыя працы разам складуць невялікую выставу ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр-т Незалежнасці, 37а).

Усе ўдзельнікі конкурсу па распрацоўцы малюнкаў пасьля яго заканчэньня ў якасьці падарункаў атрымаюць цішоткі з прынтамі пераможцаў.

Патрабаваньні да працаў:

  • кожны малюнак павінен быць пазначаны наступным чынам: імя і прозьвішча, назва, разьмяшчэньне (перад ці сьпіна);
  • разам з малюнкам АБАВЯЗКОВА пазначце імя, прозьвішча, узрост, паштовы адрас для перасылкі цішоткі, e-mail, тэлефон.

Тэхнічныя патрабаваньні да прынтоў:

  • вэктарная графіка: прымаюцца файлы, зьвярстаныя ў Corel Draw 12 (*.cdr), Adobe Illustrator 12 CE (*.ai), FreeHand 10 (*.eps), вэрсіі дадаткаў могуць быць і ранейшымі;
  • растравая графіка: прымаюцца файлы, зьвярстаныя ў (*.tif), Adobe Photoschop (*.psd);
  • толькі ў выключных выпадках прымаюцца працы ў іншых фарматах: (*.png), (*.gif), (*.jpeg);
  • макет павінен быць выкананы ў маштабе 1:1 (памер вёрсткі павінен адпавядаць памеру для далейшага друку на цішотцы).

Журы конкурсу:

  • Воля Кузьміч — каардынатар творчага сеціўнага рэсурсу Generation.bY;
  • Vinsent — рэп-выканаўца;
  • Валярына (Валерыя Кустава) — паэт, літаратар, перакладчык;
  • Юрась Губарэвіч — палітык, намесьнік старшыні Руху «За свабоду»;
  • Глеб Лабадзенка — журналіст, пісьменьнік.

Дасылаючы працы на конкурс, удзельнік аўтаматычна пацьвярджае права на далейшае выкарыстаньне прынта ў межах кампаніі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0746 seconds.