Мадэль з папраўкай на мэнталітэт

З верасьня бягучага года студэнтам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага унівэрсытэта, як, магчыма, і ўсіх астатніх эканамічна арыентаваных ВНУ, прыйдзецца вывучаць новую дысцыпліну – “Асновы нацыянальнай эканамічнай мадэлі”.

Аб гэтым напярэдадні Дня эканаміста, які адзначаўся 3 чэрвеня, заявіла на прэс-канфэрэнцыі прарэктар па навуцы БДЭУ Ірына Новікава. Яна паведаміла, што праграма яшчэ распрацоўваецца, таму канкрэтныя рысы курсу яшчэ невядомыя, аднак, як было адзначана, ён ствараецца “па заданьні прэзыдэнта”.

У той жа час І. Новікава лічыць, што наша краіна так ці інакш будзе рухацца да рынку, і аб гэтым сьведчаць новыя спэцыяльнасьці, што ўводзяцца ў новым навучальным годзе ў БДЭУ, у тым ліку па замове дзяржавы. Гэта фінансавы мэнэджмент, фондавы рынак, фінансы і кантроль у мытнай дзейнасьці, міжнародны маркетынг і лагістыка і іншыя.

Некаторыя рысы “беларускай эканамічнай мадэлі” намеціў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік дырэктара НДІ эканомікі Мінэканомікі РБ Віктар Пінігін.

Адпаведна яму, асаблівасьцямі нацыянальнай мадэлі з’яўляюцца: сацыяльная арыентаванасьць, стаўка на дзяржаўную ўласнасьць, гарантыі занятасьці і выплаты заработнай платы. Пры абмеркаваньні несагласаваньні беларускіх прагнозаў з прагнозамі МВФ Пірыгін  падкрэсьліў, што шматлікія міжнародныя экспэрты, як правіла, стаяць на больш ліберальныз пазыцыях, але іх старыя рэцэпты ўжо прызнаны нявернымі, бо наша эканоміка дэманструе больш высокія вынікі, чым прагназуе МВФ. На думку эканаміста, да кожнай краіны трэба падыходзіць з улікам мясцовай спэцыфікі і мэнталітэту.

Сярод мэнтальных асаблівасьцяў нашай эканомікі ў працэсе абмеркаваньня на прэс-канфэрэнцыі атрымалася, напрыклад, выявіць такую, як слабая прагназуемасьць інфляцыі. Менавіта інфляцыя, адрозная ад прагнознай, па словах В. Пірыгіна, прымушала бясконца ўдакладняць парамэтры бюджэту. Такое ўражаньне, што інфляцыя ў нашай мадэлі жыве сваім жыцьцём і падпарадкоўваецца не эканамічным законам, а толькі загадам прэзыдэнта.

Факты слабай прагназуемасьці эканомікі наўрад ці трапяць у курс для студэнтаў. Хутчэй за ўсё ён будзе ўяўляць сабой “нарэзку” з шматлікіх праграм сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2005, 2010, 2015 і 2020 гадоў, а таксама з выступаў прэзыдэнта на агульнабеларускіх сходах.

Можна не сумнявацца, што новы дзіковінны курс зойме пачэснае месца побач з курсам па нацыянальнай ідэалёгіі, абавязковым для ўсіх эканамічных факультэтаў, а, магчыма, і для ўсіх студэнтаў ВНУ наагул, як некалі палітэканомія сацыялізму і навуковы камунізм.

Тут галоўнае з колькасьцю гадзінаў не перайсьці мяжу, бо з такімі экзатычнымі ўключэньнямі ў дыплём беларускіх эканамістаў у хуткім часе можа стаць неканвэртуемы нават на постсавецкай прасторы, не кажучы аб міжнароднай, а цікавасьць да эканамічных факультэтаў ВНУ, магчыма, прападзе сам сабой.

І тады Дзень эканаміста можа ператварыцца ў нашай краіне ў Дзень аднаго-адзінага эканаміста – аўтара мадэлі.

<P align=right> Паводле артыкула Ірыны КРЫЛОВІЧ
“Беларускі рынак”

Mara 00:00, 06/07/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0746 seconds.