Наваполацкія студэнты дамагліся зьніжэньня аплаты за пражываньне ў інтэрнатах

28 чэрвеня прадстаўнікі адміністрацыі Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (ПДУ) агучылі рашэньне зьнізіць аплату за пражываньне ў інтэрнаце да 14 500 рублёў (у апошні месяц да гэтага аплата складала каля 25 000 рублёў). Гэта адбылася падчас іх сустрэчы з студэнтамі інтэрната №2.

На сустрэчы прысутнічалі першы прарэктар ПДУ Беларусава Н.Л., прарэктар па сацыяльных пытаньнях і выхаваўчай працы Цыганкоў В.Г., галоўны бугальтар ПДУ Трухіна, старшыня студэнцкага прафкаму й дэпутат Наваполацкага гарсавета па студэнцкай акрузе С.Л. Фамін і іншыя. Прадстаўнікі адміністрацыі распавялі аб сытуацыі з падвышэньнем аплаты за пражываньне, аб дзеяньнях адміністрацыі ПДУ з мэтай зьнізіць аплату за пражываньне і палепшыць становішча студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце.

Сустрэча стала вынікам акцыі "БЯС"платная адукацыя", якую праводзілі суполка ЗБС "Наваполацкі студэнцкі зьвяз" і ГІ "Партнэрства". У межах акцыі было сабрана і перададзена ў адміністрацыю ПДУ каля 300 студэнцкіх подпісаў з патрабаваньнем зьменьшыць аплату за пражываньне і спыніць падвышэньне аплаты амаль удвая для студэнтаў-платнікаў.

“Студэнта заўжды абавязваюць за штосьці плаціць: за інтэрнат па новых тарыфах, за падручнікі, шмат дзе увялі платныя адпрацоўкі прапушчаных заняткаў. А гэта ужо платная адукацыя проста з назовам “бясплатная”. Зьніжэньне аплаты за пражываньне ў Наваполацку - добры прыклад і для студэнтаў іншых ВНУ адстойваць свае правы”, - кажа старшыня Наваполацкай суполкі ЗБС Аляксей Лукашэвіч.

У пачатку кампаніі Аляксей Лукашэвіч быў выкліканы на размову да намесьніка дэкана юрыдычнага факультэта ПДУ спадара Бачкова. Намесьнік дэкана распытваў пра навучаньне і грамадзкую дзейнасьць Аляксея. Бачкоў адмыслова некалькі разоў заходзіў на лекцыі, каб адсачыць, ці прысутнічае там Аляксей, вёў размовы з выкладчыкамі наконт пасьпяховасьці навучаньня апошняга. Два разы чыноўнік заходзіў у інтэрнат у пакой да Аляксея Лукашэвіча, распытваў суседзяў, дзе зараз занаходзіцца Аляксей. Відавочна, такая цікаўнасьць да асобы Аляксея выкліканая распачатай кампаніяй і актыўнай дзейнасьцю суполкі ЗБС у ПДУ. Нагадаем, што месяц таму да дэкана юрыдычнага факультэта ПДУ была выкліканая сябра ЗБС. Дэкан распытваў аб дзейнасьці ЗБС, аб апошніх акцыях.

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў будзе працягваць сваю дзейнасьць у кірунку аьароны правоў студэнтаў і адстойваньні студэнцкага дабрабыту.

За дадатковай інфармацыяй зьвяртайцеся да Старшыні Наваполацкай суполкі ЗБС Аляксея Лукашэвіча на нумар 8 029 710 39 04.

<P align=right>Прэсавая служба ЗБС

tarka 00:00, 29/06/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4881 seconds.