17 верасьня творчая сустрэча з Рыгорам Барадуліным «Паслаць Маме душу…»

Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры запрашае на творчую сустрэчу з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. На імпрэзе пройдзе прэзэнтацыя ўнікальнага выданьня «Паслаў бы табе душу…» — ліставаньне Рыгора Барадуліна з маці (1954–1971).

Ліставаньне — гэта шчабятлівыя птушыныя галасы, якія ад дажджоў і сьнягоў, ад суравеяў і ўрокаў затуліліся ў капэртах. Маці, самотная зязюля, чакала вестак ад сына, каб не так горка было адной гора гараваць. А сына, які не мог адразу прызвычаіцца да гарадзкога тлуму і людзкога холаду, грэлі родныя словы.

«SMS, e-mail… Праляцела нешта з пустаты ў пустату — і ў пустаце пустое прапала.

З гэтым нічога не зробіш, дый не трэба: сьвет не спыніш… Але ён яшчэ ўсплача на сабе, зьнікаючы ў пустаце.

Многія ўжо забыліся, як пахне канвэрт, які вымаеш раніцай з паштовай скрынкі, за ноч замеценай сьнегам ці завеянай лісьцем. А шмат хто й не ведае, як ён пахне…

Калі й і не хапала ў беларускім прыгожым пісьменстве нейкай кнігі, дык такой. Гэтую кнігу ліставаньняў Маці і Сына будуць чытаць, патанаючы ў глыбінях пачуцьцяў, выяўленых з такой шчырасьцю, якая толькі магчымая ў чалавеку." (Уладзімір Някляеў)

Сярод гасьцей вечарыны пісьменьнікі, дасьледчыкі, сябры, прадстаўнікі выдавецтва — Сяргей Панізьнік, Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла, Алесь Камоцкі, Натальля Давыдзенка, Марына Шыбко.

  • Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры
  • 17 верасьня, 17:00
  • Траецкае прадмесьце, вул М.Багдановіча, 15.
08:15, 15/09/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.