Навучаньне ў крэдыт у беларускай ВНУ на ўласным досьведзе

У дакрызысны час у Беларусі было вельмі модна жыць у крэдыт. Хочаш зрабіць рамонт — крэдыт, набыць машыну — крэдыт, патрэбна дзяцей у школу апрануць — крэдыт. Ён, крэдыт, стаў сэнсам жыцьця многіх беларусаў. Вось і вучыцца можна было ў крэдыт. У выніку, за апошні год колькасьць студэнтаў, што ўзялі крэдыт павялічылася ўдвая. Пра лічбы, плюсы і мінусы крэдытаваньня, адчутыя на ўласным досьведзе — у артыкуле студэнткі-пяцікурсьніцы.

Банкі асабліва не рэклямуюць невыгодную ім паслугу

Узяць крэдыт на навучаньне студэнту, які атрымлівае вышэйшую ці сярэднюю адукацыю, можна і зараз. Калі вы непаўнагадовы, усе дакумэнты будуць афармляцца на бацькоў. Справа ў любым выпадку даволі складаная, бо банку спатрэбяцца доказы і гарантыі вяртаньня ягоных грошай. Да таго ж гэта і невыгодна для самога банку: стаўкі па гэтым крэдыце ніжэйшыя за іншыя спажывецкія крэдыты. 15% для вышэйшай адукацыі, 20% для сярэдняй адукацыі. Але калі вы зможаце даказаць, што сярэдні сукупны даход на члена сям'і ў месяц за мінулы год не перавышае 350% пражытковага мінімуму, то атрымаеце грошы пад 5% гадавых!

Яшчэ адна асаблівасьць такога крэдыту ў тым, што банк можа заплаціць за студэнта толькі 70% ад кошту навучаньня за год, астатнія грошы трэба назьбіраць самому. Але ў гэтым ёсьць і плюс: чым меншая сума асноўнай запазычанасьці парад банкам, тым меней адсоткаў на яе «накапае».

Адсоткі трэба пагашаць штомесяц, а асноўную суму крэдыту — празь месяц пасьля заканчэньня навучаньня. Але дамова з банкам можа прадугледжваць і датэрміновае пагашэньне.

Насамрэч, для першага году навучаньня такі крэдыт — даволі зручная штука. Студэнты часьцей разьлічваюць паступіць на бюджэт і ня зьбіраюць грошы, як у ЗША, на вучобу. І таму, калі ніякага выбару апроч як пайсьці на платнае ўжо няма, усе губляюцца: дзе ўзяць грошы?! Тут і можна скарыстаць магчымасьць узяць крэдыт на навучаньне. Хіба што мала хто ведае пра такую магчымасьць: банк асабліва не рэклямуе невыгодны яму тавар.

Рэальна навучаньне абыдзецца прынамсі на 50% даражэй

Але хадзіць у пазыках перад злосным монстрам па мянушцы Банк усе 5 год я б не раіла. Па-першае, гэта дорага. Якімі б маленькімі не былі стаўкі, працэнты за пяць год накапаюць «Ого-го!». Да таго ж, улічваючы мэту «злоснага монстра» — атрыманьне прыбытку, з вас пасьпеюць спагнаць неверагодную колькасьць камісій. І тады рэальна навучаньне абыдзецца як мінімум на 50% даражэй.

Па-другое, усе ВНУ для зручнасьці разьбіваюць плату на кварталы. Хутчэй, канешне, для сваёй зручнасьці, чым для студэнтаў, але гэта дае магчымасьць зьбіраць грошы адмыслова да наступнай аплаты. Можна пайсьці працаваць, ды й бацькі стараюцца ў бядзе не пакідаць.

І што яшчэ цікава: зьвесткі пра кошт студэнт падае перад пачаткам новага навучальнага году. У адпаведнасьці зь імі банк і будзе пералічваць грошы на рахунак ВНУ. Але ўсе ведаюць, што кошты на навучаньне падвышаюцца амаль кожны квартал. І што рабіць? Несьці стосы новых дакумэнтаў у банк, складаць новыя пагадненьні...

Намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно ў лютым прывёў статыстыку, згодна зь якой больш за 15 тысяч студэнтаў у Беларусі навучаецца ў крэдыт. І гэта амаль удвая больш, чым у мінулым годзе. Хочацца верыць, што значная частка гэтых студэнтаў – першакурсьнікі, якім крэдыт сапраўды дапаможа на пачатковым этапе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2347 seconds.